Апублікаваныя фота лагеру для пратэстоўцаў. Пад Слуцкам хацелі прыняць 2000 чалавек


Імаверны лагер для пратэстоўцаў пад Слуцкам.
Фота: радыё «Свабода»

Радыё «Свабода» паразмаўляла з удзельнікам пераўтварэння слуцкага лячэбна-працоўнага прафілакторыю (ЛПП) № 3 у нешта падобнае да лагеру для ўдзельнікаў жнівеньскіх пратэстаў.

Шмат людзей, затрыманых у першыя дні паслявыбарчых пратэстаў, вывезлі на тэрыторыю былога ЛПП пад Слуцкам. У прыватнасці, пра гэта згадваў фатограф «Новага часу» Дзмітрый Дзмітрыеў.

«Было відаць, што ўсю тэрыторыю толькі-толькі агарадзілі высокім плотам. Свежая драўніна зусім, яшчэ нават не пацямнела. Плот вышынёй метраў пяць, не менш. І вышкі зусім свежыя навокал. Як у лагерах, там ахоўнікі яшчэ стаяць. Усё абсалютна свежае», – распавядаў Дзмітрыеў.

Цяпер са «Свабодай» звязаўся чалавек, які сцвярджае, што ўдзельнічаў у будаўніцтве гэтага лагеру. Ён даслаў і фотаздымкі. Дзмітрый Дзмітрыеў пацвердзіў, што гэта сапраўды тое месца, дзе ўтрымлівалі яго і іншых пратэстоўцаў.

«10 жніўня Дэпартамэнту выканання пакаранняў было даручана падрыхтаваць у тэрміновым парадку адну з тэрыторый пад арганізацыю лагеру. Было вырашана выкарыстоўваць для гэтага тэрыторыю ЛПП № 3 каля Слуцку. Тых, хто там знаходзіўся на лячэнні, тэрмінова этапавалі ў іншыя ўстановы. 12 жніўня ЛПП № 3 абсталявалі для ўтрымання грамадзян пад ваенізаванай аховай», – кажа суразмоўца «Свабоды».

Паводле яго, супрацоўнікі не ведалі, для каго рыхтуюць гэты лагер. Прадпрыемству, размешчанаму на базе ЛПП, было даручана на працягу содняў распрацаваць і вырабіць вышкі для аховы перыметру. Для ўладкавання лагеру прыцягнулі людзей, якія ўтрымліваліся ў ЛПП. На тэрыторыі ўжо існай жылой зоны прафілакторыю ўсталёўвалі намёты, тэрыторыю дзялілі на квадраты. Выкопвалі ямы, усталёўвалі слупы, усе абносілі калючым дротам. Рыштунак звозілі з іншых ЛПП і папраўчых калоніяў. Ложкі вазілі самазвалам.

Унутры лагеру аховай займаліся супрацоўнікі Дэпартаменту выканання пакаранняў з сабакамі. Аховай перыметру і прылеглага лесу займаліся вайскоўцы, падначаленыя Мінабароны. Тэрыторыю рыхтавалі да прыёму каля 2000 чалавек.

Вайскоўцы ў лагеры.
Фота: радыё «Свабода»

Суразмоўца «Свабоды» заўважае, што вышкі для лагеру загадалі рабіць мабільнымі, каб пасля іх можна было выкарыстоўваць у іншых месцах. Арыштантаў прывезлі 14 жніўня, а ўжо 15-га пачалі масава вызваляць. Лагер пасля хутка разабралі. Цяпер ЛПП функцыянуе ў штатным рэжыме.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў