Андрэй Дзмітрыеў: «Краіне патрэбны новы прэзідэнт»


Кандыдат на прэзідэнта Андрэй Дзмітрыеў выступіў на «Беларусь 1». У сваім звароце ён падкрэсліў, што большасць хоча пераменаў – новага прэзідэнта.

Андрэй Дзмітрыеў на БТ. Скрыншот з трансляцыі

Андрэй Дзмітрыеў кажа, што ў Беларусі пачаўся рух за новую Беларусь – гэтыя людзі хочуць выбраць 9 жніўня новага прэзідэнта.

Кандыдат сцвярджае, што розныя людзі, у тым ліку тыя, якія раней падтрымлівалі дзейную ўладу, далучыліся да гэтага руху, бо стаміліся ад улады: пенсіянеры, міліцыянты, вайскоўцы, студэнты, дактары, настаўнікі. Далучыліся і бізнесоўцы, і чыноўнікі.

«З усіх нас узнік рух за новага прэзідэнта. Кожны можа далучыцца. Гэта самы масавы рух за ўсю гісторыю Беларусі».

Дзмітрыеў кажа, што «стары прэзідэнт» не паважае беларусаў, называе «народцам», маўляў, анідзе іх не чакаюць.

«З такім падыходам разарыць можна нават Швейцарыю», – зазначае кандыдат.

Важна, што зараз у руху за новага прэзідэнта большасць, і яны маюць права абіраць.

«Нашае жыццё залежыць ад нас, і выбары новага прэзідэнта залежаць ад нас», – зазначыў Дзмітрыеў. – «Мы павінны зрабіць усё, каб жыццё ў Беларусі стала вартым».

Змены ў краіне

Пасля выбараў жыццё мусіць працягвацца так жа, як і раней. Новы прэзідэнт не можа адкладаць перамены на потым. А вось ягоныя асноўныя прапановы:

  • Вызваліць палітзняволеных
  • Адмяніць транспартны падатак
  • Звольніць ідэолагаў
  • Адмена дэкрэт аб дармаедах
  • Забарона кароткатэрміновых кантрактаў з тымі, каго наймаюць на доўгатэрміновую працу
  • Падпісанне закону аб змаганні з кумаўством
  • Стварыць пераходны ўрад
  • Прыняць новую Канстытуцыю з больш шырокімі паўнамоцтвамі рэгіёнаў

Знешняя палітыка

Задача новага прэзідэнта – перадусім наладзіць здаровыя стасункі з Расеяй.

«Нам не трэба інтэграцыя і вайсковыя базы, але і не будзем выходзіць з папярэдніх дамоваў. Мы павінна адстаяць свае інтарэсы, аднак і паважаць інтарэсы Расеі. Нам важна захаваць усё, што звязвае нашыя народы», — кажа Дзмітрыеў.

З Захадам Андрэй Дзмітрыеў таксама здолее наладзіць добрыя, аднак роўныя стасункі. Ён мяркуе, што Беларусі не трэба быць чальцом ЕЗ і НАТА, аднак неабходна мець партнёрства. Таксама абвязкова трэба ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. А з Кітаем — таксама наладзіць супрацу без празмернай выгады для кітайскіх партнёраў.

Галасуйце, насіце белыя бранзалеты, назірайце

Андрэй Дзмітрыеў зазначыў, што ён ужывае тэрмін «стары» прэзідэнт не з-за ўзросту Лукашэнкі, а таму што той не спраўляецца. І паказаў свой стары тэлефон як прыклад.

Андрэй Дзмітрыеў паказвае свой стары тэлефон. Скрыншот з трансляцыі

«Тэлефон памяняць лёгка, прэзідэнта – не».

Ён звярнуўся да чальцоў выбарчых камісіяў і заклікаў іх палічыць галасы сумленна. А выбарцаў – прыйсці і галасаваць. Бо ўпершыню з 1994 года з’явілася надзея на другі тур.

«Калі вы засталіся ўдома або датэрмінова прагаласавалі, то вы прагаласавалі за старога прэзідэнта», – падкрэсліў кандыдат.

Андрэй Дзмітрыеў заклікае насіць белы бранзалет, зарэгістравацца ў платформе «Голас» і ісці назіральнікам на выбарах. А галасаваць — за любога альтэрнатыўнага кандыдата.

«Нам трэба шмат галасоў, каб перамагчы старога прэзідэнта. Важна, каб у краіне зʼявіўся новы прэзідэнт», – падкрэсліў ён.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў