Амерыканскі генерал: Украінскі сцэнар для Беларусі – абсалютна рэальны

ВІДЭА

Генерал ЗША у адстаўцы Бэн Годжэз заявіў, што ціск Расеі на Беларусь заклікае Злучаныя Штаты быць актыўнымі. Амерыканскі эксперт лічыць, што акупацыя Беларусі Расеяй будзе дорага каштаваць. Пра інтарэсы Злучаных Штатаў у Беларусі – інтэрв’ю з былым камандзірам войскаў ЗША ў Еўропе. Цяпер былы вайсковец кіруе аддзелам стратэгічных даследаванняў у вашынгтонскім Цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі. Ён некалькі разоў наведваў Беларусь і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аліна Коўшык: Генерал Годжэз, вялікі дзякуй, што знайшлі час для нас.

Бэн Годжэз: Насамрэч вельмі важна размаўляць з такімі прафесійнымі журналістамі. Тое, што вы робіце, мае вялікае значэнне. Трэба, каб існавалі вольныя медыі, бо яны кідаюць выклік, яны праліваюць святло на падзеі, забяспечваючы людзей інфармацыяй.

У мінулым годзе шмат хто звярнуў увагу на актывізацыю адносінаў ЗША і Беларусі. Ці Вашынгтон мае нейкія вайсковыя інтарэсы ці інтарэсы бяспекі ў Беларусі?

Цікавасць ЗША да Беларусі не звязаная з вайсковаю сферай. Інтарэс ЗША заўсёды быў у тым, каб людзі [у Беларусі] былі вольнымі і цешыліся свабодай: мы хацелі бачыць, як [вашая] моладзь раскрывае свой патэнцыял, мы заўсёды верылі, што адкрытае грамадства стварае магчымасці для лепшага эканамічнага развіцця. Вось на гэтым і палягае наш асноўны інтарэс. Я быў вельмі рады, што былы памочнік дзяржсакратара Ўэс Мітчэл наведаў Беларусь. Ён лічыць, што нават з тымі краінамі, з якімі мы не ва ўсім згаджаемся ў пэўных пытаннях, у замежнай палітыцы, варта наладжваць стасункі, і я цалкам згодны з ім.

Мы назіралі за прэзідэнтам Беларусі Лукашэнкам, калі ён разважаў пра незалежнасць, суверэнітэт, адсутнасць альтэрнатыўных крыніц энергіі. Я чуў, як ён публічна кажа:

«Дзякуй, Расея, але нам не патрэбная ваша дапамога, мы ў стане абараніцца самі».

Гэта важныя крокі. І я думаю, што для бяспекі на Захадзе лепш, калі ў Беларусі няма войскаў Расейскай Федэрацыі. Такім чынам, калі прэзідэнт Лукашэнка можа супрацьстаяць ціску і не дазволіць размясціць іх у Беларусі, гэта змяншае небяспеку Латвіі для Літвы, Польшчы, а таксама Украіны. Мяркую, што гэта добра. Нам не трэба, каб Расея палічыла, што мы хочам перацягнуць Беларусь на свой бок, што мы змушаем яе зрабіць выбар, гэта абсалютна не так! Я думаю, што калі мы можам дапамагаць [Беларусі] эканамічна і інвестыцыйна, а таксама нармалізуючы нашыя адносіны, то, магчыма, прэзідэнт Лукашэнка дасць рады ў супрацьстаянні гэтаму ціску.

Генерал ЗША пахваліў Беларусь

Вы верыце, што Беларусь можа абараніцца самастойна?

Гэта было б вельмі складана, калі б Расея вырашыла ўжыць сілу і акупаваць Беларусь. Але ў такім выпадку тыя краіны Еўропы, якія цяпер спрабуюць апраўдаць Расею і кажуць, што яе няправільна зразумелі, што мы павінны працаваць з імі, ужо б не маглі настойваць на сваёй пазіцыі. Калі б у Беларусі паўтарыўся ўкраінскі сцэнар, еўрапейскім краінам стала б вельмі цяжка падтрымліваць нармальныя сувязі з Расеяй. Таму мне падаецца, што гэта будзе дорага каштаваць Расеі ў эканамічным і дыпламатычным плане.

Як вы думаеце, ці ўкраінскі сцэнар рэальны і для Беларусі?

Так, абсалютна. Дарэчы, існуе вялікая розніца паміж магчымым і верагодным. Такая магчымасць ёсць – у іх ёсць інфраструктура ў Беларусі, яны маюць базы на яе межах. Я вывучаў гісторыю Расеі за апошнія тры стагоддзі; лічу, што яны б не пасаромеліся ўжыць сілу, калі б ім сказалі, што так трэба.

Расея падштурхоўвае Беларусь да яшчэ больш цеснай інтэграцыі, якую шмат хто называе інкарпарацыяй. Ці звязана з гэтым актывізацыя адносінаў ЗША і Беларусі?

Не, гэта не рэакцыя на тое, што робіць Расея. Вядома, яе ціск на Беларусь заклікае быць больш актыўнымі – і не толькі нас, ЗША, іншыя краіны таксама. Напрыклад, Кітай шмат інвестуе ў Беларусь. Памятаю, яшчэ да таго, як Ўэс Мітчэл прыбыў у Менск (здаецца, гэта было за тыдзень да вельмі важнай сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі ў справе бяспекі), той факт, што мы ўсе павінны думаць пра Менскі працэс і Менскія пагадненні, уражваў. Нямеччына і Францыя рупліва працавалі, каб дасягнуць пагаднення паміж Украінай, прарасейскімі сепаратыстамі ды непасрэдна Расеяй. Гэта важна і для Беларусі.

Я быў у войску 37 гадоў. Ні адзін жаўнер не хоча канфлікту. Ніхто не хоча міру і стабільнасці больш, чым вайсковец. Я спрабую быць рэалістычным наконт нашых магчымасцяў. Я сапраўды лічу, што Расея паважае сілу і пагарджае слабасцю. І калі заходнія краіны будуць трымацца разам, мы будзем больш цесна супрацоўнічаць і паляпшаць свае стасункі. Калі мы будзем выглядаць слабымі, Расея гэта дакладна выкарыстае ў сваіх мэтах. Захад зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была здольная захаваць пэўную незалежнасць і суверэнітэт, хоць і мае вельмі моцныя эканамічныя і культурныя сувязі з Расеяй.

Размаўляла Аліна Коўшык, belsat.eu

На прэв’ю генерал Бэн Годжэз, фота Дзяніс Дзюба

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 25.10.2019

Іншыя тэмы праграмы:

Глядзі таксама
Каментары