Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім сустрэўся ў Менску з беларускімі журналістамі і распавёў пра некалькі важных момантаў з нагоды сітуацыі ў Керчанскай пратоцы.
«Адбылася наўпроставая расейская агрэсія, бо, паводле марскога права, тэрыторыя карабля – гэта тэрыторыя дзяржавы, пад чыім сцягам ідзе карабель», – заявіў Ігар Кізім.
Паводле словаў амбасадара, Расея «ўзвяла хлусню ў ступень дзяржаўнай палітыкі».
«Увесь свет ведае пра агрэсію РФ, але не было доказаў. Гэтым разам агрэсія супраць суверэннай дзяржавы была непрыхаваная нічым – ні зялёнымі чалавечкамі, ні сіне-чырвонымі сцягамі».
Спадар Кізім таксама дадаў, што «нiчога добрага ад Расеi мы не чакаем», бо яна «не здольная дамаўляцца».
«Самая вялікая правакацыя, якой мы баімся – як мінімум акупацыя паўднёвых вобласцей, а як максімум – тое, што Расея будзе імкнуцца, каб Украіна спыніла свае існаванне», – адзначыў амбасадар.
Ён падкрэсліў: Украіна абрала курс на еўрапейскую і атлантычную інтэграцыю, а папулярныя сёння ва Украіне палітычныя партыі і рухі ніколі не выступяць з прарасейскай пазіцыі.
«Расею гэта моцна раздражняе», – канстатаваў амбасадар.
Каментуючы сітуацыю з расейцамі, якіх днямі вярнулі з кіеўскага аэрапорту ў Менск, спадар Кізім адзначыў:
«Калі чалавек на мяжы не можа патлумачыць, навошта ён прыехаў – гэта выклікае пытанні ў памежнай службы, наколькі ён шчыры. Наколькі я разумею, гэтыя расейцы не змаглі назваць прычыну. У расейцаў увогуле праблема – у постсавецкіх краінах яны адчуваюць сябе як гаспадары, а не як госці», – распавёў амбасадар, дадаўшы, што не звязвае інцыдэнт з увядзеннем ваеннага становішча.
Што тычыцца зменаў у правілах уезду беларусаў ва Украіну, у тым ліку ў Чарнігаўскую вобласць, дзе абвешчана ваеннае становішча, то іх пакуль не варта чакаць. Як распавёў амбасадар, магчымы больш пільны дагляд асобаў і рэчаў на мяжы, але ніякіх дадатковых дакументаў для яе перасячэнне не спатрэбіцца. Гэта значыць, беларускія грамадзяне змогуць без праблем наведаць Украіну на Каляды.
На пытанне Belsat.eu пра тое, чаму, на думку амбасадара, беларускі бок дагэтуль не пракаментаваў сітуацыю ў Керчанскай пратоцы, Ігар Кізім адказаў:
«Гэта пытанне да кіраўніцтва Беларусі. Я не магу каментаваць. Адзінае, я магу сказаць, што адразу пасля інцыдэнту я праінфармаваў МЗС Беларусі пра пазіцыю МЗС Украіны з гэтай нагоды. І папрасіў МЗС Беларусі ўлічваць нашую пазіцыю пры ацэнцы сітуацыі, якая адбылася ў Керчанскай пратоцы. Усё астатняе – рашэнне беларускага боку, як каментаваць, як не каментаваць, у якім кантэксце каментаваць».
Амбасадар лічыць, што ў беларускага боку «ёсць памяркоўнасць, якая дапаможа зрабіць слушныя высновы» пра сітуацыю ў Керчанскай пратоцы.
«Бо трэба ж паглядзець на рэакцыю свету, трэба паглядзець на рэакцыю суседзяў і г.д. Таму я мяркую, што, хутчэй за ўсё, цяпер адбываецца выпрацоўка пазіцыі, якая будзе агучана. Таму – чакаем. Няма адказу – гэта таксама адказ, няма каментара – гэта таксама каментар. У дыпламатычнай практыцы так прынята».
Нагадаем, 25 лістапада тры ўкраінскія караблі з ужываннем зброі захапіў расейскі спецназ у раёне Керчанскай пратоцы. Паводле ўкраінскіх медыяў, агулам Расея ўзяла ў палон 24 маракоў, 6 з іх параненыя. ФСБ сцвярджае, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу, бо не падавалі заяўкі на праход у праліве. Украіна кажа, што папярэджвала аб праходзе судоў, але не атрымала адказу.
26 лістапада Рада нацыянальнай бяспекі і абароны прапанавала ўвесці ваеннае становішча ва Украіне. Прэзідэнт Пятро Парашэнка падпісаў указ, паводле якога ваеннае становішча ўводзіцца на 30 дзён ад серады, 28 лістапада. Пры гэтым выбары па-ранейшаму прызначаныя на 31 сакавіка 2019 года.
У панядзелак увечары, 26 лістапада, 276 дэпутатаў Вярхоўнай Рады прагаласавалі за ўвядзенне ваеннага становішча. Яно пачне дзейнічаць ад 9-й раніцы 28 лістапада і распаўсюдзіцца на 10 вобласцяў Украіны, у тым ліку Чарнігаўскую, што мяжуе з Беларуссю.
КА, Belsat.eu