Канфлікт у Керчанскай пратоцы: што гэта было? 5 галоўных пытанняў і адказаў

ВІДЭА

Напад Расеі на ўкраінскія караблі ў Керчанскай пратоцы, а таксама ўвядзенне ваеннага становішча ва Украіне сталі тэмаю №1 апошніх дзён і дагэтуль пакідаюць адкрытымі шэраг пытанняў. Belsat.eu паспрабаваў разабрацца, хто вінаваты ў Керчанскім крызісе і чаму ён стаў магчымы.

Фота RFE/RL

Што адбылося?

25 лістапада тры караблі ваенна-марскога флоту Украіны (браніраваныя катары «Нікапаль» і «Бярдзянск», а таксама рэйдавы буксір «Яны Капу») рабілі пераход з Адэсы ў Марыупаль. Каб дасягнуць Марыупалю група ВМС Украіны мусіла прайсці праз Керчанскую пратоку і ўвайсці ў Азоўскае мора. Правілы карыстання Азоўскім морам і Керчанскай пратокай былі замацаваныя дамовай паміж Кіевам і Масквою ад 24 снежня 2003 года. Паводле яе:

  • мора і пратока з’яўляюцца ўнутранымі водамі Украіны і Расеі;
  • як гандлёвыя, гэтак і ваенныя караблі карыстаюцца там свабодаю суднаходства;
  • усе спрэчкі, звязаныя з выкарыстаннем гэтай дамовы, мусяць вырашацца шляхам кансультацыяў і перамоваў, а таксама іншымі мірнымі сродкамі.
Расейскі карабель тараніць украінскі

Аднак расейскі бок абвінаваціў украінскія караблі ў парушэнні дзяржаўнай мяжы і «небяспечным манеўраванні». Пагранічны катар аховы «Дон» наўмысна пратараніў «Яны Капу», а ўваход у Керчанскую пратоку быў фізічна заблакаваны сухагрузамі. Да месца здарэння Расея накіравала вайсковае падмацаванне, у тым ліку баявыя верталёты.

Паколькі ўкраінскія караблі не прапускалі ў Азоўскае мора, яны нарэшце павярнулі назад у Адэсу. Але расейцы пераследавалі ўкраінцаў у нейтральных водах, патрабавалі спыніцца і ў выніку адкрылі агонь на паражэнне. «Нікапаль», «Бердзянск» і «Яны Капу» былі захоплены і адпраўлены ў Керч. Ад 3 да 6 украінскіх маракоў атрымалі раненні, каля 23 чалавек былі захоплены ў палон.

Захопленыя ўкраінскія караблі ў Керчы. Фота – kerch.com.ru

Супраць затрыманых маракоў распачалі крымінальную справу паводле абвінавачвання ў парушэнні дзяржаўнай мяжы РФ. Масква заявіла, што дзеянні ўкраінскага боку былі правакацыяй. Кіеў назваў падзеі ў Керчанскай пратоцы актам агрэсіі, увёў ваеннае становішча ў краіне на 30 дзён (спачатку гаворка ішла пра 60) і патрабаваў вызвалення сваіх маракоў і караблёў.

Краіны Захаду не паверылі ў версію Масквы і асудзілі дзеянні расейскага боку. У Радзе Бяспекі ААН Расея была жорстка раскрытыкаваная.

Чаму Расеі гэтак агрэсіўна адрэагавала на з’яўленне ўкраінскіх караблёў?

Паводзіны расейскіх вайскоўцаў выглядаюць цалкам неадэкватнымі. Нават калі пагранічнікі сапраўды лічылі, што ўкраінскія караблі не мелі законнага права праходзіць праз Керчанскую пратоку і парушылі марскую мяжу РФ, зусім неабавязкова было іх пераследаваць у нейтральных водах, выкарыстоўваць зброю і браць у палон. Дастаткова было проста не прапусціць да Марыупалю і выступіць з нотай пратэсту. То бок Масква магла звесці сітуацыю да невялікага непаразумення суседніх дзяржаваў, але свядома пайшла на эскалацыю канфлікту і справакавала вялікі міжнародны рэзананс, прычым на відавочна нявыгадных для сябе ўмовах. Чаму?

Прадстаўнікі расейскай апазіцыі Аляксей Навальны і Генадзь Гудкоў ужо выказалі думку, што Уладзімір Пуцін на хвалі мілітарысцкай гістэрыі хоча павялічыць свой рэйтынг і адцягнуць увагу грамадства ад эканамічных праблемаў. Аднак ёсць і ваенна-палітычны кантэкст здарэння.

Відавочна, што пасля анексіі Крыму ў Крамлі лічаць Азоўскае мора і Керчанскую пратоку выключна сваімі ўнутранымі водамі, якія яны цалкам кантралююць і на выкарыстанне якіх маюць прыярытэтнае права. Зразумела, што з’яўленне ў гэтых водах украінскіх ваенна-марскіх сілаў (па факце – ВМС свайго наўпроставага ворага) вельмі турбуе Маскву. Тым больш, што ў верасні Украіна ўжо перакінула праз Керчанскую пратоку ў Азоўскае мора два караблі ВМС – пашукова-выратавальны «Данбас» і буксір «Карэец» (гэта два старых і фактычна бяззбройных судна). Тады абышлося, без адкрытага канфлікту, але рэакцыя расейскага боку была нервовая.

На гэты раз Украіна накіравала ў Азоўскае мора больш баяздольную групу. Цалкам магчыма, што ў расейскім кіраўніцтве вырашылі арганізаваць «паказальную лупцоўку» ўкраінскім ВМС, каб Кіеў канчаткова пакінуў надзею кантраляваць Керчанскую пратоку і Азоўскае мора.

Крымскі мост праз Керчанскую затоку. Фота – REUTERS/Pavel Rebrov

Трэба таксама звярнуць увагу на заяву прадстаўніка РФ пры ААН Дзмітрыя Палянскага, які распавёў, што на ўкраінскіх караблях у раёне Керчанскай пратоцы нібыта знаходзіліся «радыкалы, якія хацелі ўзарваць Крымскі мост». Раней пра жаданне ўкраінцаў знішчыць мост заяўляў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. Нельга выключаць, што падобныя заявы могуць быць не столькі спробаю знайсці сабе апраўданне, колькі праяваю паранаідальнага светапогляду расейскага кіраўніцтва. Магчыма, у Крамлі ўсур’ёз хвалююцца, што аднойчы пад ударам апынецца той самы Крымскі мост, які мае для для Расеі надзвычай важнае прапагандысцкае значэнне.

Ці было гэта выпадковасцю або Кіеў разлічваў справакаваць неадэкватную рэакцыю Расеі?

Украінскія ВМС у Адэсе. REUTERS/Yevgeny Volokin

Магчыма, захопу суднаў у Кіеве і не чакалі, але верагоднасць агрэсіўнай і неадэкватнай рэакцыі расейскага боку, безумоўна, улічвалі. Як ужо паведамлялася, 22 верасня праз Керчанскую пратоку у Азоўскае мора прайшлі караблі ВМС Украіны «Данбас» і «Карэец». Камандзір паходу – намеснік начальніка штабу марскога камандавання ВМС Дзмітрый Каваленка потым прызнаўся ў інтэрв’ю Укрінформу, што быў гатовы да баявога сутыкнення з расейцамі.

«Баявыя групы, кулямёты – усё зараджана было. Два чалавекі ў поўнай экіпіроўцы стаялі на бачным месцы – каб расейцы бачылі. Усе астатнія, таксама цалкам экіпіяваныя, былі гатовыя ў любую хвіліну выбегчы. Маскіровачнай сеткай зацягнуліся, каб схаваць рух, пажарныя рукавы расклалі, каб іх змываць, калі б палезлі (у выпадку абардажу – заўв. Belsat.eu)», – распавядаў Каваленка.

Такім чынам, у ВМС Украіны цудоўна разумелі небяспеку любога пераходу праз Керчанскую пратоку і агрэсіўныя паводзіны Расеі не маглі застаць іх знянацку. У гэтых умовах украінскае кіраўніцтва амаль дэманстратыўна не пажадала даваць сілавы адказ на незаконныя дзеянні РФ.

Рэдактар парталу Цензор.НЕТ Юры Бутусаў у сваім допісу ў Фэйсбуку адзначыў, што ўкраінскія маракі мусілі ўжыць зброю ў адказ на напад расейскіх караблёў, а кіраўніцтва ВМС – накіраваць ім дапамогу.

«Паколькі сутыкнення працягваліся з 11 раніцы і караблі пацярпелі пераслед расейскімі судамі, на дапамогу маглі паслаць баявыя самалёты. Але гэта не было зроблена. Маглі адбыцца паветраны бой у такім выпадку? Невядома. Але самалёты над міжнароднымі водамі ніхто б у палон не захапіў. А дзякуючы паветранай падтрымцы можна было б пазбегнуць захопу катараў і гэты шанец трэба было б выкарыстоўваць», – піша ён.

Але менавіта дзякуючы таму, што ўкраінскі бок не распачаў сілавых дзеянняў, Расея ў гэтай сітуацыі бясспрэчна выглядае агрэсарам, а Украіна – безабароннай ахвяраю.

Нельга выключаць, што галоўнай мэтаю Украіны было прыцягнуць увагу ўсяго свету да сітуацыю ў Азоўскім моры (якое Расея імкнецца ператварыць у сваю прыватную маёмасць) і арганізаваць міжнародны ціск на Маскву па гэтай праблеме. Пры гэтым пытанне кантролю за Азоўскім морам – гэта не толькі пытанне палітычнага іміджу і вайсковай справы. Гэта перш за ўсё эканоміка. Керчанская пратока і Азоўскае мора – гэта важны гандлёвы шлях для Украіны, асабліва ва ўмовах анексіі Крыму. Калі Украіна страціць магчымасць свабодна карыстацца сваімі партамі Бярдзянск і Марыупаль, бюджэт краіны панясе вялікія страты.

У Кіеве сёлета ўжо заяўлялі, што расейскія памежнікі масава і беспадстаўна затрымліваюць украінскія гандлёвыя караблі для дагляду пры праходжанні Керчанскай пратоцы, праз што тыя вымушаныя прастойваць соднямі ці нават тыднямі. Як заявіў у ліпені міністр інфраструктуры Украіны Уладзімір Амелян, у сувязі з цяжкасцямі праходжання Керчанскай пратоцы краіна страціла больш за 20 млн еўра. Наогул, з 2015 па 2017 год аб’емы паставак грузаў з Марыупаля знізіліся на 27%, з Бярдзянску – на 47%. Гэта пры тым, што, паводле аналітычнага цэнтру Stratfor, Украіна адпраўляе 80% экспартных грузаў па моры.

Чаму Парашэнка вырашыў менавіта цяпер уводзіць ваеннае становішча?

Гэтае пытанне Парашэнку задавалі і падчас паседжанне Вярхоўнай Рады, дзе ў выніку ўхвалілі ваеннае становішча.

Сапраўды, канфлікт у Керчанскай пратоцы – не самае страшнае, што адбылося з Украінай за апошнія 4,5 гады. Але ні анексія Крыму, ні пачатак АТА, ні вялікія страты пад Ілавайскам і Дэбальцава не прымусілі Кіеў пайсці на ўвядзенне ваеннага становішча, хоць да гэтага Парашэнку неаднаразова заклікалі.

Вайна на Данбасе, 2014 год. Фота © Sergii Kharchenko/NurPhoto/ZUMA Wire)

З іншага боку, упершыню акт агрэсіі супраць Украіны быў не прыхаваным – то бок Масква не зняпраўджвае датычнасць сваіх вайскоўцаў да канфлікту. У гэтым сэнсе Кіеў проста выкарыстаў найбольш зручны момант для ажыццяўлення кроку, які трэба было зрабіць яшчэ ў 2014 годзе. Да таго ж цяпер Украіна для ўвядзення ваеннага становішча мае больш спрыяльныя фінансава-эканамічныя ўмовы, чым у 2014-2015 гг.

«У 2014-2015 гадах нашыя заходнія партнёры не зразумелі б нашых дзеянняў, таму што перш за ўсё, яны не ўсведамлялі да канца, што такое Расея. І тады б, ва ўмовах ваеннага становішча, мы маглі апынуцца ў палітычнай ізаляцыі», – піша ў сваім блогу на сайце УНИАН прафесар паліталогіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань.

Фота Pavlo_bagmut/Ukrinform

Акрамя таго, украінскія ўлады сцвярджаюць, што неабходнасць ваеннага становішча мае цалкам практычнае ваеннае абгрунтаванне – паводле іх, Расея ў бліжэйшы час можа ажыццявіць новыя агрэсіўныя крокі. Гэтак 26 лістапада пастаяны прадстаўнік Украіны пры ААН Уладзімір Ельчанка заявіў па паседжанні ў Рады Бяспекі, што існуе пагроза захопу расейскай арміяў Марыупаля і Бердзянску.

«Паводле наяўных аператыўных дадзеных, ёсць відавочная пагроза ўварвання і захопу Марыўпаля і Бердянска, далейшых агрэсіўных дзеянняў і правакацый з боку памежнай службы РФ, ФСБ і ВМС Расеі», – падкрэсліў прадстаўнік Украіны ў ААН.

Ці сапраўды Расея мае такія планы? Сказаць цяжка. Прынамсі вайсковыя аналітыкі не прагназуюць маштабныя баявыя дзеянні на Данбасе ў бліжэйшы час. Аднак у любым выпадку неабходна прызнаць: улічваючы што ваеннае становішча ўводзіцца толькі на 30 дзён, гэты крок у пэўным трэба лічыць сімвалічным, бо, натуральна, што за месяц ваенная пагроза з боку Расеі нікуды не знікне.

Як ваеннае становішча паўплывае на прэзідэнцкія выбары ва Украіне?

Пятро Парашэнка пераконвае Вярхоўную Раду. Фота – Фота – president.gov.ua

Пятра Парашэнку адразу пачалі вінаваціць у тым, што ён хоча выкарыстаць Керчанскі канфлікт для пераносу прэзідэнцкіх выбараў ці проста для павелічэння свайго рэйтынгу.

«Калі паглядзець на сітуацыю цвярозым поглядам і даць эмоцыям улегчыся – выглядае, што Парашэнка вырашыў выкарыстаць сітуацыю для сваіх палітычных перспектываў. І рушыць услед прыкладу Тэтчэр, якая перад выбарамі ўмацавала пазіцыі непапулярных кансерватараў Фалклендскім канфліктам у 1982 годзе», – мяркуе дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Лешчанка.

Між тым пра перанос выбараў гаворка не ідзе. Ваеннае становішча ўведзена на 30 дзён і толькі ў 10 вобласцях, а выбары прызначаныя на 31 сакавіка 2019 года. То бок пакуль на графік правядзення выбарчай кампаніі (яна мусіць распачацца 31 снежня) ваеннае становішча наогул ніяк не ўплывае. Натуральна, калі потым ваеннае становішча не падоўжаць.

Пратэсты ў Кіеве супраць расейскай агрэсіі. Фота – REUTERS/Gleb Garanich

Іншае пытанне – ўплыў Керчанскага канфлікту на рэйтынг Парашэнкі. Звычайна вонкавая агрэсія і пагроза нацыянальнай бяспецы прымушае электарат менш увагі звяртаць на эканамічныя і сацыяльныя праблемы, аб’ядноўвае людзей вакол дзейнага кіраўніка. Да таго ж увядзенне ваеннага становішча – гэта даволі папулярны крок сярод часткі грамадства, асабліва сярод сілавікоў і ветэранаў вайны на Данбасе.

Аднак гэта выключна тэарэтычная схема. У рэальнасці ўплыў Керчанскага крызісу на палітычную кампанію ва Украіне прадказаць цяжка. Трэба ўлічваць, што Украіна ўжо 4,5 гады дэ-факта знаходзіцца ў стане вайны, а рэйтынг Парашэнкі за гэты час ніколі не быў на дыктатарскім узроўні. Ступень адчувальнасці ўкраінскага электарату да тэмы вайны і міра ў прынцыпе зусім іншы, чым у дзяржаве, якая вайну не вядзе.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары