Прэзідэнт Польшчы: Мы далучымся да ініцыятывы ўвесці санкцыі супраць Расеі, калі яна будзе


Анджэй Дуда заявіў, што Польшча падтрымае новыя санкцыі супраць Расеі. Такая заява прагучала 27 лістапада падчас прэс-канферэнцыі ў Сафіі пасля сустрэчы з прэзідэнтам Балгарыі Руменам Радзевам.

«Няма ніякіх сумневаў у тым, што Расея з’яўляецца агрэсарам, і што ў чарговы раз былі парушаныя нормы міжнароднага права [канфлікт у Керчанскай пратоцы. – Заўв. Belsat.eu]. Гэта тое, што мы не можам прыняць і Польшча з такімі дзеяннямі не пагаджаецца», – заявіў Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што Польшча падтрымае міжнародныя ініцыятывы аб увядзенні дадатковых санкцыяў супраць Расеі.

Да ўвядзення еўрапейскіх санкцыяў супраць Расеі 27 лістапада заклікаў і эстонскі міністр абароны Юры Луйк. «Санкцыі – адзін самых эфектыўных спосабаў сказаць Расеі, што мы настаўленыя сурʼёзна», – сказаў міністр абароны.

Нагадаем, што 25 лістапада Расея абстраляла і захапіла два ўкраінскія катэры і буксір. У марскім баі было паранена шэсць украінскіх маракоў.

26 лістапада Вярхоўная Рада зацвердзіла ўказ прэзідэнта Пятра Парашэнкі аб увядзенні ваеннага становішча. Ваеннае становішча будзе доўжыцца 30 дзён, то бок, да 27 снежня. Увядзенне ваеннага становішча ініцыяваў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандр Турчынаў пасля захопу ўкраінскіх катэраў у Керчынскай пратоцы.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў