Амбасадар Украіны пракаментаваў інфармацыю пра магчымы абмен Паўла Шаройкі на Юрыя Палітыку


Юры Палітыка

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім зняпраўдзіў інфармацыю СМІ наконт дамоўленасці Менска і Кіева абмяняць украінца Паўла Шаройку на грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыку.

«Не пацвярджаю. Аб такіх дамоўленасцях мне невядома. Як па мне, то гэта выдаецца жаданае за сапраўднае. У цэлым гэты «ўкід» падобны на правакацыю», – паведаміў Кізім Українським Новинам.

Учора, 26 сакавіка, «Беларускі партызан» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў Кіеве паведаміў, што Украіна і Беларусь дасягнулі прынцыповай дамоўленасці наконт абмену Шаройкі на Палітыку – нібыта ўсе дакументы ўжо падрыхтаваныя, застаецца паставіць подпісы.

Нагадаем, 25 кастрычніка 2017 года ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

У дачыненні да Шаройкі была распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж). Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.

Паўло Шаройка

Суд над украінцам у Менску праходзіў за зачыненымі дзвярыма, прысуд дагэтуль невядомы. Адначасова з судом над Шаройкай Чарнігаўскі раённы суд (Чарнігаўская вобласць, Украіна) пачаў папярэдняе слуханне па справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога ўкраінскія спецслужбы абвінавачваюць у шпіянажы. З таго часу адбылося толькі некалькі паседжанняў, наступнае запланавае на 27 сакавіка.

Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе.

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».

СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары