СБУ зняпраўдзіла заяву аб катаваннях «беларускага шпіёна»


Дасудовае расследаванне па справе 32-гадовага грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыка, якога летась затрымалі ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы, завершана. Цяпер Юры і ягоны адвакат знаёмяцца з матэрыяламі справы. Пра гэта паведамілі ў СБУ ў адказе на афіцыйны запыт belsat.eu.

«Азнаямленне падазраванага і абаронцы з матэрыяламі крымінальнай вытворчасці працягваецца. Пасля азнаямлення з матэрыяламі вытворчасці будзе складзены абвінаваўчы акт, які накіруюць у суд. Копія гэтага акту будзе ўручана падазраванаму», – адзначаецца ў дакуменце.

У СБУ таксама падкрэсліваюць, што ніякіх забароненых метадаў следства ў адносінах да беларуса не выкарыстоўвалася.

«Падчас затрымання, правядзення следчых дзеянняў ды канваявання згаданай Вамі асобы ніякага псіхалагічнага, фізічнага ды іншага ціску на яго не ажыццяўлялася. Недазволеныя метады да яго супрацоўнікамі УСБУ па Чарнігаўскай вобласці не выкарыстоўваліся. Пацверджаннем гэтага з’яўляецца ягоная заява ад 20.06.2017 г.», – адзначаюць у спецслужбе.

Пры гэтым у адказе не ўдакладняецца, пра якую заяву затрыманага ідзе гаворка.

У СБУ таксама нагадваюць, што беларускі грамадзянін падазраецца паводле ч.1 арт. 114 КК Украіны (шпіянаж).

Нагадаем, беларуса затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона. Цяпер беларус знаходзіцца ў СІЗА горадзе Чарнігаў.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыка ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе.

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».

 

belsat.eu

Стужка навінаў