Акуратны «дружбак Пуціна». Што кажуць пра новага амбасадара РФ у Беларусі


Вядомыя асобы, СМІ і ананімныя тэлеграм-каналы актыўна каментуюць нечаканае звальненне Міхаіла Бабіча і даюць характарыстыку новаму расейскаму амбасадару ў Беларусі Дзмітрыю Мезенцаву. Belsat.eu сабраў найбольш цікавыя ацэнкі.

«У ход пайшлі правераныя кадры. У чыгуначніка-сенатара Дзмітрыя Мезенцава багаты паслужны спіс – ад ЦСР (Цэнтр стратэгічных распрацовак – заўв. belsat.eu) і губернатарства да генеральнага сакратара ШАС. Тараннага падыходу Бабіча цяпер дакладна не будзе – Дзмітрыю Фёдаравічу ўласцівыя ўмеранасць і акуратнасць. Будзем спадзявацца, што гэты рэверанс у бок Лукашэнкі зроблены не проста так, а ў якасці авансу для таго, каб яму было прасцей прымаць цяжкія інтэграцыйныя рашэнні», – піша ў сваіх сацыяльных сетках часопіс «Россия в глобальной политике».

«Дзмітрый Мезенцаў вельмі пільны, неканфліктны, асцярожны і прадпрымальны чалавек. Ведаю з 1991 года, поўная супрацьлегласць былому амбасадару Міхаілу Бабіч. Апошні ўсё аддаваў перавагу вырашаць кавалерыйскім наскокам і грубіянствам. Мезенцаў – абвалакваць і спакушаць», – піша галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў.

«Бабіч сустракаўся з беларускай апазіцыяй. Гэта зразумела, што разыгрывалася такая гісторыя, што Крэмль паказваў Лукашэнку, што калі ты, хлопец, з намі тут не дамовішся, то мы дамовімся з тваймі апазыцыянэрамі. Нам усё роўна хто, нам усё роўна каму даваць гэтыя субсідыі на нафту, якія Расея дае Беларусі. Гэта форма хабару Лукашэнка, купля яго лаяльнасці, вельмі важнае дапаўненне ў беларускі бюджэт. І Крэмль пачаў дэманстраваць Лукашэнка, што ён гатовы замяніць… дапамагчы каму-небудзь з ворагаў Лукашэнка прыйсці да ўлады, што, вядома, бацьку напружыла. Ён гаспадар гэтай тэрыторыі. Ён сядзіць значна даўжэй, чым Пуцін», – нагадала галоўны рэдактар часопісу «The New Times» Яўгенія Альбац у эфіры «Эхо Москвы».

Новага амбасадара Мезенцава яна характарызуе, як «старога дружбака Пуціна», якога той ведаў яшчэ па працы ў Санкт-Пецярбургу ў 90-е.

Тэлеграм-канал «Славянское братство» піша, што Мезенцаў нават больш небяспечны, чым ягоны папярэднік.

«Прынамсі ён разумнейшы. Акрамя таго, Мезенцаў, прызначаны амбасадарам у Менску – спецыяліст па інфармацыйных аперацыях. Яго дысертацыя называлася «Псіхалогія ўплыву сродкаў масавай інфармацыі на фармаванне палітычных установак асобы». Абарона прайшла ў 1998 годзе, яшчэ пры Ельцыне. І мяркуючы па тэме, чалавек пісаў сам, сам выбіраў тэму. Рэзкі тон будзе згладжаны, але простых месяцаў афіцыйнаму Менску чакаць не даводзіцца», – адзначае канал.

Канал «Незыгарь» паведамляе, што Мезенцаў – гэта нібыта кандыдатура братоў-алігархаў Кавальчукоў, першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Пуціна Сяргея Кірэенкі ды старшыні праўлення «Сбербанку» Германа Грэфа.

Тэлеграм-канал «Белорусский гамбит» мяркуе, што Бабіч у Менску са сваёй задачай нібыта справіўся. Бабіч, адзначае канал, нарэшце агучыў рэальныя лічбы падтрымання Менску з боку Масквы, прыцягнуў увагу да «беларусізацыі» і «агентаў Захаду ў Беларусі», ды прадэманстраваў грамадству, што ў Расеі «няма адназначнай стаўкі на Лукашэнку».

Hавiны
У новага амбасадара РФ у Беларусі «вельмі сур’ёзныя задачы па паглыбленні інтэграцыі»
2019.05.01 09:26

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў