Актывісты зладзілі пікет пад СІЗА з партрэтамі зняволенага адміністратара сайту 1863x.com


Грамадскія актывісты выйшлі пад сцены следчага ізалятару на вуліцы Валадарскага ў Менску, каб выказаць салідарнасць са зняволеным Эдуардам Пальчысам, якога вінавацяць у «распальванні нацыянальнай варожасці».

На акцыю «Свабоду Эдуарду Пальчысу» заклікаў былы палітвязень і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Павел Севярынец мяркуе, што Эдуарда Пальчыса можна лічыць новым палітвязнем. «Гэта чалавек, які ў інфармацыйнай вайне супраць расейскай агрэсіі выконваў ролю цэлага авіяносца. Ён рабіў якасныя, вывераныя, велізарнай сілы матэрыялы, якія чыталі дзясяткі тысяч людзей. Калі гэтага хлопца ўзялі ў палон, наш маральны абавязак – выйсці на акцыю салідарнасці з ім, патрабаваць ягонага вызвалення і праводзіць кампанію «Свабоду Эдуарду Пальчысу», – падкрэсліў дзеяч.

Пад сценамі ізалятара актывісты крычалі лозунгі «Жыве Беларусь!» з надзеяй, што іх можа пачуць арыштаваны адміністратар сайту 1863x.com. Удзельнікі пікету таксама выказалі салідарнасць з удзельнікам велаакцыі «Крытычная маса» анархістам Дзмітрыем Паліенкам, якога таксама ўтрымліваюць у СІЗА.

Міліцыянты склалі пратаколы на ўдзельнікаў акцыі, але затрыманняў не было.


Эдуард Пальчыс – 26-гадовы нарадзінец Ліды, вядомы як Джон Сільвер і адміністратар сайту 1863x.com.

Супраць маладзёна ў Беларусі завялі крымінальную справу «за распальванне нацыянальнай варожасці» і «распаўсюд парнаграфіі», што было нібыта на ягоным сайце. Пальчысу пагражае абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.

Першапачаткова да Пальчыса была ўжытая захада стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах, але ён выехаў у кастрычніку 2015 года ва Украіну. Эдуарда Пальчыса затрымалі расейцы 23 студзеня пры перасячэнні ўкраінска-расейскай мяжы. Пасля гэтага ідэнтычнасць блогера раскрыў адзін з расейскіх нацыяналістычных сайтаў, ён жа апублікаваў турэмныя здымкі хлопца.

Маладзёна 26 траўня этапавалі з Бранскага СІЗА ў Беларусь. Афіцыйнага паведамлення пра месца ўтрымання Пальчыса не было. Аднак актывісты мяркуюць, што яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў