Наталля Шарыпа (на фота), актывістка «Матчынага руху 328», атрымала афіцыйныя адказы наконт праслухоўвання ейнага тэлефона.
Наталля Шарыпа, маці асуджанага па артыкуле 328 КК РБ, атрымала афіцыйныя адказы з міліцыі, КДБ ды ад мабільнага аператара МТС па заявах наконт меркаванага праслухоўвання ейнага тэлефона. Як ня дзіўна, ва ўсіх трох адказах гаворыцца пра адсутнасць якой-небудзь інфармацыі.
Яшчэ ў пачатку траўня Наталля мелася далучыцца да галадоўкі ўдзельніц «Матчынага руху 328» у іншых гарадах, пра што і хацела праінфармаваць Віцебскі гарвыканкам 3 траўня афіцыйнай заявай. Аднак заяву падаць так і не атрымалася – у гэты ж дзень за жанчынай сачылі невядомыя, і яна проста пабаялася за сваё жыццё:
«Мне вельмі цікава, што за людзі сачылі за мной 3 траўня і праслухоўвалі мой асабісты тэлефон. Бо акурат у той самы дзень, калі я вырашыла занесці сваю заяву ў гарвыканкам, побач са мной хадзілі невядомыя і здымалі мяне на камеры. А ўлічваючы тое, што 328 артыкул – крымінальны, я баюся за сваё жыццё, бо гэта маглі быць прадстаўнікі крымінальнага свету».
Сваю галадоўку Наталля Шарыпа ўсё ж такі распачала, пра што паведаміла ў той жа дзень у прамым эфіры тэлеканалу «Белсат». А таксама жанчына напісала афіцыйныя лісты ў міліцыю, КДБ і ў МТС з просьбай высветліць, хто і на якой падставе праслухоўвае ейны мабільны тэлефон. Бо інакш, адкуль гэтыя невядомыя даведаліся пра візіт Наталлі ў гарвыканкам?
Цягам месяца прыйшлі ўсе тры адказы, і ў кожным з гэтых адказаў было амаль адно і тое ж: інфармацыі аб фактах праслухоўвання няма. «Гэтыя адказы, якія я атрымала, – гэта проста адпіскі. Я не спынюся на гэтым і напішу чарговую заяву ва ўнутраныя органы наконт сочкі за мной. Аднак цяпер сваю заяву я пастараюся скласці так, каб прадстаўнікі міліцыі не змаглі абмежавацца фармальнай адпіскай», – кажа Наталля.
Між іншым, Наталля сцвярджае, што пасля ейных заяваў мабільная сувязь палепшылася.
Віктар Старавойтаў, belsat.eu