«Ахвярапрынашэнне – гэта сімвал нашай пакоры Алаху». Як беларускія мусульмане святкуюць Курбан-байрам

Штогод мусульмане па ўсім свеце адзначаюць свята ахвярапрынашэння. Галоўны рытуал Курбан-байраму – відовішча не для асобаў са слабымі нервамі. Журналісты belsat.eu выбраліся ў мусульманскую сталіцу Беларусі, каб на свае вочы ўбачыць адну з самых унікальных і старажытных традыцый, якую захоўваюць беларускія татары.

На Курбан-байрам мусульмане Іўя, з самага ранку ідуць у мячэць. Свята ахвярапрынашэння лічыцца сямейным. Тыя, хто працуе ў іншых гарадах, абавязкова стараюцца прыехаць на малітву, каб потым з’есці сямейны абед.

Гэта адно з самых галоўных святаў у ісламскім календары. Ягоная асаблівасць у тым, што ў гэты дзень мусульмане па ўсім свеце ахвяруюць жывёлінаў: быка, баранчыка, казу або вярблюда. Гэта адна з самых старажытных традыцыяў чалавецтва, якая дагэтуль мае для мусульманаў вельмі глыбокі сімвалічны сэнс. І беларускія татары – не выключэнне.

«Ёсць такая гісторыя ў Каране пра прарока Ібрагіма. Ува сне прарок пачуў голас Алаха, які загадаў прынесці Яму ў ахвяру свайго першынца. На раніцу прарок спытаўся свайго сына, што яму рабіць. Сын сказаў, што ён мусіць паслухаць волю Алаха. Два разы Ібрагім спрабаваў ахвяраваць сваё дзіця, але нож не браў ягонае горла. На трэці раз Алах злітаваўся, утапіў нож і паслаў Ібрагіму баранчыка, якога ён меўся зарэзаць замест свайго першынца. Таму сёння мы прыносім у ахвяру жывёлу на знак богабойлівасці і пакоры Алаху», – тлумачыць мула Іўеўскай мячэці Адам Радзецкі па дарозе на малітву.

Сёння ў мячэці шмат замежных гасцей – з Менску, Саудаўскай Аравіі, Алжыру і Азербайджану. Малітва пачынаецца досыць рана, а восьмай. Для мужчын і жанчын існуюць розныя ўваходы ў два асобныя памяшканні.

У мячэці жанчыны моляцца асобна ад мужчын. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У часе малітвы галава мужчын і жанчын абавязкова мусіць быць прыкрытай. Жанчыны апранаюць хустку, а мужчыны насоўваюць цюбецейку або шапку. Кожны ў руцэ нясе торбачку або кошычак з пачастункам. Гэтая традыцыя называецца «садага», калі ахвяруюць малітву за памерлых наўзамен чагосьці салодкага – цукерак, булак, яблыкаў ці груш.

Вернікі здымаюць абутак і ўваходзяць унутр. Людзі ледзь змяшчаюцца ў памяшканнях.

Мула падае на калені і па-арабску пачынае спяваць суры з Карану. Кожны, хто ведае словы, моліцца разам з ім. З букетам кветак і цукеркамі на малітву завітаў таксама каталіцкі ксёндз Алег Яновіч, які цягам трох гадоў служыць у Іўі.

«Тут такая традыцыя. Мы запрашаем мусульманаў на свае святы. Яны прыходзяць да нас на Раство і Вялікдзень, а сёння наша чарга. Звычайна прыходзіць яшчэ праваслаўны бацюшка, але ў яго сёння споведзь», – тлумачыць святар.

«Бычок павінен быць цнатлівы»

Звонку на сваю долю чакаюць бычок і баранчык. Так прынята: кожная сям’я ў Іўі імкнецца хоць бы раз у жыцці зрабіць такую ахвяру. Згодна з законам ісламу, гэта павінен быць баранчык, бык, вярблюд ці каза.

Рытуальнае прынясенне ў ахвяру жывёл, якія адмыслова гадаваліся людзьмі для гэтай мэты. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Абавязкова трэба не пускаць бычка да каровы. Але ж па-рознаму здараецца. Бывае, такога чорта не дагледзіш. Баранчык таксама мусіць быць чысты, – тлумачыць спадар Давыд, які ў сёлета будзе рэзаць бычка.

«Той, хто будзе прыносіць ахвяру, павінен цягам 10-ці дзён пасціцца. Есці такі чалавек можа толькі ўночы. Катэгарычна нельга гарэлку піць перад гэтым, бо гэта вялікі грэх. Раней людзі, калі пасціліся, то нават вады ўдзень не пілі. Выйдзе дзед на цэлы дзень атаву касіць у поле, ды толькі вусны змочыць, а сам не п’е. Вось якія былі цярплівыя».

«Дый увогуле, пасля таго, як з гэтага ахвяраванага мяса жанчыны прыгатуюць або пельмені, або поліўку, або катлеты, то гэтымі стравамі нельга гарэлку закусваць. Ні ў якім разе. І нават калі сабаку кінеш костку і ён яе не з’есць, нельга так пакідаць. Трэба гэтую костку закапаць», – дадае памагаты ў сёлетнім ахвярапрынашэнні спадар Ях’я.

«Рэзаць павінен чалавек, які ўмее, каб не мучыць жывёлу»

Гадзінная малітва заканчваецца і людзі паціху пачынаюць выходзіць з мячэці. Усе віншуюць адзін аднаго са святам, дзеляцца садагой. Мужчыны рыхтуюцца да рытуалу. Трымаюць бычка каля 10-ці чалавек. Рэзаць павінен дасведчаны чалавек, каб па магчымасці палегчыць смерць жывёлы.

Рытуальнае прынясенне ў ахвяру жывёл, якія адмыслова гадаваліся людзьмі для гэтай мэты. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Трэба, каб чалавек умеў гэта рабіць і мог, каб не мучыць жывёлу. Вось Давыд можа, а я то і курачку зарэзаць не магу», – кажа спадар Ях’я.

«Не шкада Вам бычка?» – пытаюся ў спадара Давыда.

«Я з дзяцінства бачыў як гэта робіцца. Бычка ж гадавалі дзеля гэтага. Нехта ж мусіць. Трэба, каб мужчыны добра трымалі жывёлу, бо скура на шыі тоўстая – недзе на два пальца. Звычайна касою робіцца тры надрэзы: да сябе – ад сябе – ізноў да сябе», – тлумачыць мужчына.

Лічыцца, што гэтая ахвяра прыносіцца за памерлага, каб у чалавека на тым свеце ўсяго хапала, каб ён быў там шчаслівы.

Зарэзанага бычка пасля падзеляць на 230 роўных частак, якія потым развязуць адпаведна для 230 сем’яў, якія жывуць у Іўі. З ахвярнага мяса звычайна робяць катлеты, «кулдуны» – вялікія пельмені або «поліўку» – татарскі суп, які варыцца на ялавічыне.

«Казалі раней дзяды, што гэтую ахвяру яны проста раздавалі бедным. А ў нас ужо так заведзена, што дзелім на 230 сем’яў, хто тут жыве. У нас усе бедныя», – кажа спадар Давыд.

«Мы далёка ад дому, дык хоць тут адсвяткуем, з людзьмі падзелімся. Гэты рытуал практыкуюць усе мусульмане. У нас у Азербайджане баранчыка рэжуць у ахвяру ў кожнай сям’і», – тлумачыць Хасан.

Як распавёў гандляр, яны ўжо 10 гадоў прыязджаюць у Іўе ўлетку. Акурат у гэты час у Азербайджане сезон памідораў заканчваецца, пакуль у Беларусі ён у самым разгары. Дый, як аказалася, з Беларусі везці такі тавар на гандаль у Расею нашмат прасцей і таней, чым з Азербайджану.

«Калі нават у горле казыча, то цярпі»

Свята Курбан-байрам доўжыцца чатырох дні. На другі дзень свята іўеўскія мусульмане зазвычай наведваюць мізар – татарскія могілкі. На свята нельга працаваць, асабліва ў першы дзень.

«Нельга канешне. Мы стараемся нават на базар не ездзіць, але як мусіш пазбіраць памідоры, то куды падзенешся. А некаторыя працуюць. Сына майго з Менску не пусцілі з працы. Сказалі, што звольняць, калі адгул возьме. Кажуць, што ў нас краіна дэмакратычная, але ж гэта парушэнне нашых правоў як нацыянальнай меншасці», – адзначае спадар Ях’я.

«Тут як з начальствам дамовішся. Калі нармальны дырэктар, то пускаюць. Я пазаўчора святкаваў, а ты сёння святкуй. Увогуле чатыры дні свята. Але як атрымліваецца. Толькі што таксама піць гарэлку нельга ў першы дзень. Як бацька мой казаў, калі нават у горле казыча, то цярпі», – дадае спадар Давыд.

Фотагалерэя:

Мусульмане ў Іўі адзначаюць Курбан-байрам, свята ахвярапрынашэння. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мусульмане ў Іўі адзначаюць Курбан-байрам, свята ахвярапрынашэння. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Святкаванне Курбан-байраму распачынаецца ранішняй малітвай. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Мяса ад зарэзанага бычка будзе падзелена на 230 сем’яў, якія жывуць у Іўі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мусульмане ў Іўі адзначаюць Курбан-байрам, свята ахвярапрынашэння. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мяса ад зарэзанага бычка будзе падзелена на 230 сем’яў, якія жывуць у Іўі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мусульмане ў Іўі адзначаюць Курбан-байрам, свята ахвярапрынашэння. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мусульмане ў Іўі адзначаюць Курбан-байрам, свята ахвярапрынашэння. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Рытуальнае прынясенне ў ахвяру жывёл, якія адмыслова гадаваліся людзьмі для гэтай мэты. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мяса ад зарэзанага бычка будзе падзелена на 230 сем’яў, якія жывуць у Іўі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мяса ад зарэзанага бычка будзе падзелена на 230 сем’яў, якія жывуць у Іўі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мяса ад зарэзанага бычка будзе падзелена на 230 сем’яў, якія жывуць у Іўі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мяса ад зарэзанага бычка будзе падзелена на 230 сем’яў, якія жывуць у Іўі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
На святкаванне Курбан-байраму да іўеўскіх татар далучыліся мусульмане з Азербайджану. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Свята Ахвярапрынашэння ў Іўі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
У мячэці жанчыны моляцца асобна ад мужчын. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
У мячэці жанчыны моляцца асобна ад мужчын. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў