Ахоўнікі заводу «повара Пуціна» затрымалі аператара «Белсату»


29 сакавіка аператара «Белсату» затрымалі ў Маскве падчас здымак каля будынку заводу ААТ «Канкорд», які кантралюе бізнесмен Яўген Прыгожын, вядомы як «повар Пуціна».

Аператара Максіма Гараніна затрымала ў Маскве служба бяспекі заводу ААТ «Канкорд», калі наш калега здымаў прадпрыемства звонку.

«Ахоўнікі дзейнічалі па-за тэрыторыяй заводу», – распавёў Максім па тэлефоне.

Ахоўнікі адабралі ў аператара рэдакцыйную камеру і штатыў, якія вярнуць назад Максіму ўдалося дзякуючы ўмяшанню мінака.

Максім выклікаў паліцыю. Тое самае зрабілі ахоўнікі. На момант публікацыі яны не адпускаюць рэпарцёра.

У расейскім Цэнтры абароны правоў медыяў «Белсату» заявілі, што ахоўнікі парушылі адразу некалькі законаў.

«Яны парушылі артыкул 144 Закону РФ аб СМІ (перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста), – кажа юрыстка Цэнтру Святлана Кузяванава. – Супрацоўнікі прыватнага ахоўнага прадпрыемства не могуць абмяжоўваць свабоду людзей – гэта ў чыстым выглядзе самаўпраўства. Канфіскаваўшы тэхніку, ахоўнікі падверглі рызыцы разгалошванне інфармацыі пра крыніцы, якая можа ўтрымлівацца на носьбітах камеры. Згодна з артыкулам 41 Закона аб СМІ, журналіст абавязаны захоўваць яе канфідэнцыйнасць».

«Канкорд», кантраляваны вядомым рэстаратарам Яўгенам Прыгожыным, апынуўся ў цэнтры ўвагі медыяў пасля эпідэміі шыгелёзу ў дзіцячых садках на паўднёвым усходзе Масквы перад Новым годам: ежу ў гэтыя ўстановы пастаўляе адзін з харчовых камбінатаў бізнесоўца.

Аднаўленне: Да месца здарэння прыехала паліцыя. Цяпер Максім Гаранін піша заяву.

ДД/ЛБ, belsat.eu

Стужка навінаў