Аднаногі гарадзенец збег з дому-інтэрнату пад Варонежам, а зараз яго хочуць выдаць назад у Расею


Генрыху Полубоку сёлета споўніцца 60 год. Адна нага ў яго ампутаваная, іншую яшчэ спрабуе выратаваць – працірае фурацылінам ды перамотвае ірванымі кавалкамі прасцінаў… Пенсіі ў яго няма, як і пашпарту – застаўся ў прытулку ў Расеі, адкуль давялося збегчы ў мінулым годзе.

Уся гісторыя Генрыха Іосіфавіча нагадвае сапраўдны кінадэтэктыў. Працаваў у Расеі, праз хваробу пазбавіўся нагі, трапіў у дом інтэрнат, дзе забіралі пенсію, збег ад паліцыі ў Беларусь, на Радзіму… Зараз ён жыве ў вёсцы Станелевічы Зэльвенскага раёну. Змагаецца з хваробай і спрабуе выратаваць адзіную нагу. Паралельна змагаецца з бюракратыяй і спрабуе аднавіць свае дакументы. Аднак, пра ўсё па парадку.

Генрых Полубок нарадзіўся на Зэльвеншчыне, у вёсцы Станелевічы, дзе і жыве зараз. У 15 год паехаў вучыцца ў Карэлію. Усё жыццё так і працаваў за мяжой: у Расеі на горна-узбагачальных камбінатах Поўначы, у Германіі ды Польшчы. Нават легальнага 15-гадовага стажу працы хапіла не неблагую пенсію, улічваючы «паўночныя надбаўкі». У 2016-м выйшаў на пенсію, будучы грамадзянінам Расеі.

Генрых Полубок. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У 2017-м адбылася бяда з нагою: праз язву адну нагу давялося ампутаваць… З другой таксама ёсць праблемы, але шанец уратаваць яе яшчэ быў. Так Генрых Іосіфавіч перасеў на інвалідны вазок.

Ліпаўскі дом-інтэрнат

Генрых Полубок сцвярджае, што год праляжаў у лякарні. Пасля трапіў да праваслаўнага бацюшкі ў Падмаскоўі: той трымаў двухпавярховы прытулак, куды браў людзей з інваліднасцю, хворых, асобаў з праблемнымі дакументамі. Там забіралі 100% пенсіі на ўтрыманне людзей, што трапілі ў прытулак. Генрых Полубок, у выніку, напісаў заяву, каб яго перавялі ў дзяржаўную ўстанову. Так і трапіў увесну 2019-га году ў Ліпаўскі дом-інтэрнат для састарэлых у Варонежскай вобласці ў сяле Чэсменка.

Генрых Полубок мае толькі адну нагу, ды і тую зараз спрабуе ўратаваць ад гангрэны. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Новы будынак, добры, прыгожы, – узгадвае Генрых Іосіфавіч, – Там колішнія ўладанні графа Арлова былі: з паркам, сістэмай сажалак. Займаўся дакументамі, вырашаў пытанні з пенсіяй. Здзівіўся толькі, што ўсім пенсію 16-га чысла неслі, а мне – 10-га. Ну, добра. Далі сем з паловай тысяч рублёў. Гэта – чвэрць пенсіі. Рэшта, маўляў, на ўтрыманне. Наступным разам прынеслі ўжо 3700 рублёў… Званіў у Пенсійны фонд, а там кажуць – збой праграмы. Так і пачалі незразумелыя моманты».

Генрых Полубок. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Генрых Іосіфавіч узгадвае, што сам парываўся паехаць у горад, каб разабрацца з усім у Пенсійным фондзе. Але раптоўна ўсе службовыя аўто са двара прыбралі, каб ні з кім не дамовіўся. Спрабаваў таксама пісаць лісты, але паштарка іх забірала і… усё. Ані адказу, анічога. Па адмысловай інтэрнэт-сістэме, якая дазваляе праверыць сваю пенсію, наш герой увайсці таксама не змог. Патлумачылі, што пароль не супадае.

У хаце ў Генрыха Іосіфавіча ў Станелевічах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Любоў Малчэўская кіраўніцай там была, – працягвае Генрых Полубок, – Дык яна ў мяне пытаецца, маўляў, ці маю радню, ці хто ведае пра мяне. Я кажу, што маю і не скарджуся. А хутка мелася быць медкамісія, каб паставіць у чаргу на пратэз. Але я разумею, што мяне могуць у лякарню адправіць, пару ўколаў укалоць – і я ўжо неадэкватны. А з пенсіяй маёй яны і надалей будуць рабіць, што хочуць. У мяне ёсць яшчэ падазрэнне, што на мяне крэдыт павесілі неблагі, бо пенсія па расейскіх мерках нармальная – пад яе дадуць. Так я і вырашыўся…»

Сведчанні аб зваротах у пракуратуру Расеі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Пабег

У ліпені 2019-га, у нядзелю, за дзень да медкамісіі, Генрых Полубок вырашыўся на рызыкоўны крок. Нікога не папярэджваючы, пакінуўшы тэлефон у палаце, ён выехаў на вазочку ў парк і там пачаў шукаць знаёмых, якія маюць аўто. Мэтай было даехаць да Бранску, а адтуль у Маскву, каб прарвацца ў пракуратуру і напісаць заяву наконт таго, што ў яго забіралі пенсію.

«Знайшоў чалавека. Вазочак у багажнік закінулі, а я на заднюю сядушку, – дзеліцца падрабязнасцямі Генрых Полубок, – На мяжы з Ліпецкай вобласцю бачу, што побач машына паліцыі праехала. А пасля – звоняць кіроўцу. Маўляў, шукаюць мяне. Я чую толькі: «Так. Тут. Вязу…» Разумею, што па маю душу. Ён спыніўся і распавёў, што яны ў яго дома ўжо, бацьку ўзялі ў закладнікі, пытаюцца, дзе я знаходжуся…»

Вайсковы білет – галоўны дакумент Генрыха Полубока зараз. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Генрых Полубок папрасіў пакінуць яго на тым месцы, дзе і спыніліся. Каб з дарогі не было бачна, ад’ехаў у кукурузнае поле, дзе і пераночыў. У бліжэйшай вясковай краме ранкам яму сказалі, што яго шукала ўчора паліцыя. Паставіліся са спачуваннем і нават грошаў за цыгарэты не ўзялі. Далейшая гісторыя ўтрымлівае яшчэ багата прыгодніцкіх момантаў: падарожжа з дальнабойшчыкамі, хованкі ад паліцыі, прыезд у Маскву ды, урэшце, візіт у Генпракуратуру. Генрых Полубок усё ж такі напісаў заяву, хоць адказу на яе ў далейшым так і не атрымаў.

«Пасля адну ноч у Маскве мне ўсё ж такі трэба было пераночыць, – працягвае Генрых Іосіфавіч, – Што рабіць? Знаёмая, у якой жыў, на лецішча з’ехала, а трэба дах над галавой. Сустрэў сацпатруль і папрасіўся, маўляў, адэкватны і цвярозы, пераночыць трэба. Павезлі. А там, на месцы, падыходзіць мардаварот з маім фота кажа: «Ну што, шахцёр наш мурманскі?». Адкуль у яго фота? Арыенціроўка была, значыць. Бачу, і дзяўчына са шпрыцам побач стаіць. Нешта ўкалоць хацелі… Я кажу, што зараз за мной машына заедзе, пытаюся пра адрас. Праўдамі-няпраўдамі, на вуліцу выехаў, а далей праз прамзону… Так і сышоў».

Генрых Полубок. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Вырваўшыся з Масквы, Генрых Полубок з беларускімі дальнабойнікамі дабраўся да Вязьмы. Адтуль да Смаленску, а далей: Ворша, Менск, Маладэчна, Слонім… І, нарэшце, родная вёска Станелевічы пад Зэльвай.

«Не трэба мне тое, расейскае!»

Што рабіць далей? Пашпарт застаўся ў доме-інтэрнаце, з сабою адно вайсковы квіток ды пасведчанне аб нараджэнні. Трэба вырашаць пытанне з дакументамі. Інакш і пенсіі не будзе, а як тады жыць? І тут – дылема. З інтэрнату пад Варонежам адказваюць, што пашпарт не аддадуць дыстанцыйна, трэба прыязджаць ды забіраць. У консульстве РФ у Берасці падказалі, што можна зрабіць новы пашпарт, але з умовай анулявання старога. Але ж з Варонежу стары перадаваць не спяшаюцца, а чалавек не можа мець адначасова два пашпарты.

У хаце ў Генрыха Іосіфавіча ў Станелевічах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Я ўжо напісаў, што адмаўляюся ад паслугаў таго дому-інтэрнату, – даводзіць Генрых Іосіфавіч, – Там я жыць ужо дакладна ніколі не буду. А яны ўсё хочуць, каб я вярнуўся. Раней у «псіхушку» мяне хацелі здаць, а зараз? Закапаць?.. Усімі праўдамі і няпраўдамі цягнуць час, бо ў Беларусі я перабываць магу не больш за 90 дзён. Атрымліваецца, сёлета да сакавіка я маю час. Я ўжо падумаў, і вырашыў, што грамадзянства буду змяняць на беларускае. Не трэба мне тое, расейскае!»

У Беларусі Генрых Полубоку выдалі часовае пасведчанне асобы, «адкаталі» адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі. Сваймі справамі зараз ён займаецца ў пашпартным стале ў Зэльве. Галоўнае, каб усё паспець і не зацягнуць час да дэпартацыі.

Адказ з МУС, які не дае Генрыху Полубоку права лічыцца ўцекачом у Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«У заяўніка адсутнічаюць абгрунтаваныя асцярогі…»

У лістападзе мінулага году Генрых Полубок хацеў дамагчыся ў Беларусі хаця б статуса ўцекача, але 29 лістапада атрымаў адказ з МУС з адмовай. Паводле дакументу, у Расеі няма вайны, ніхто не збіраецца пераследаваць Полубока за яго нацыянальнасць (паляк) ці рэлігійную прыналежнасць (каталік). Больш за тое, згодна адказу, у Расеі няма праблемаў з правамі чалавека, таму і прасіць статусу бежанца яе грамадзянам няма сэнсу.

«У заяўніка адсутнічаюць абгрунтаваныя асцярогі сутыкнуцца пры вяртанні ў РФ з пагрозай смяротнага пакарання, катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных чалавечую годнасць відаў абыходжання і пакарання (…), што на падставе Закону 53 з’яўляецца падставай для адмовы ў наданні дадатковай абароны ў РБ», – гаворыцца ў адказе.

Генрых Полубок мае толькі адну нагу, ды і тую зараз спрабуе ўратаваць ад гангрэны. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Юрысконсульт Юлія Анішчык з сумеснай праграмы «Служба па кансультаванні бежанцаў» пры ўпраўленні ААН па справах бежанцаў ды Беларускім руху медычных супрацоўнікаў пацвердзіла, што Генрых Полубок сапраўды да іх звяртаўся. Яго пракансультавалі, але ж выніковае рашэнне прымаюць усё адно афіцыйныя беларускія структуры.

«Званіў, прашу: дайце хоць бінты!»

Калі аспекты з дакументамі складаныя, але вырашальныя, то застаецца момант са здароўем. Адна нага ў Генрыха Іосіфавіча засталася, але і яна вельмі хворая. Ёсць рызыка згубіць і яе… Ён звяртаўся па дапамогу ў «Чырвоны Крыж», там паабяцалі дапамагчы харчовымі перадачамі, але нават не перазванілі. Кантакт згубіўся.

У хаце ў Генрыха Іосіфавіча ў Станелевічах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Так і атрымліваецца: ад адных злодзеяў збег і тут трапіў да іншых, – паціскае плячыма Генрых Іосіфавіч, – Хай спытаюцца ў мяне за гэтыя словы, хай у суд падаюць. Званіў, прашу: дайце хоць бінты! Во, просцінамі парванымі перавязваю нагу, фурацылінам праціраю! Хаця прайшоў медкамісію: было прызначанае лячэнне, таблеткі, лекі. Набыць мне няма за што: пенсіі ж няма зараз. Так «Чырвоны Крыж» працуе».

Так Генрых Іосіфавіч і жыве. Чакае бюракратычных рашэнняў. Чакае на пашпарт і пенсію. Чакае на медычную дапамогу. Добра, што ёсць хаця б аднавяскоўцы: тыя і бульбу прывязуць, і па гаспадарцы мінімальна дапамогуць. Застаецца чаканне, але і яно не бясконцае.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў