Адміністрацыя Прэзідэнта адказала блогеру на запыт пра сайт Лукашэнкі


Вядомы беларускі відэаблогер NEXTA (Сцяпан Святлоў) запытаўся ў адміністрацыі кіраўніка краіны, чаму на сайце president.gov.by няма відэа ў добрай якасці.

Неўзабаве ён атрымаў адказ, у якім гаварыцца, што інтэрнэт-партал кіраўніка краіны «мадэрнізавалі ў 2012 годзе ў адпаведнасці з тэхнічнымі і праграмнымі патрабаваннямі, якія былі актуальныя на той момант».

«За апошні час тэхналогіі, безумоўна, зрабілі крок наперад. Аднак мадэрнізацыя любога інтэрнэт-сайту, а тым больш такога, як вы правільна адзначылі, аднаго з вядучых дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў краіны, патрабуе часу і сродкаў.

У цяперашні час ужо вядзецца праца па чарговай мадэрнізацыі інтэрнэт-парталу кіраўніка Беларусі, па завяршэнні якой сайт кіраўніка дзяржавы будзе адпавядаць усім самым сучасным патрабаванням», – адзначаецца ў лісце.

Дакумент падпісаны першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Крысцінай Побаль.

У 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка сваім указам вылучыў з бюджэту каля $300 тысячаў на свой сайт.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары