Адключаюць паслугі ЖКГ тым, хто не плоціць «рэжыму». Але, магчыма, ёсць лайфхак


Беларусам, якія праз нязгоду з палітыкаю дзейных уладаў перасталі плаціць за камунальныя паслугі, пачалі пагражаць іх адключэннем.

Як паведамляюць чытачы «Белсату», жыхары Першамайскага раёну Менску ўжо пачалі атрымліваць квітанцыі з пячаткамі пра неабходнасць «тэрмінова пагасіць запазычанасць».

А ў некаторых выпадках працаўнікі камунальных службаў нават сталі адключаць электрычнасць. Пра адзін з такіх выпадкаў распавёў у размове з карэспандэнтам belsat.eu жыхар вайсковага гарадка.

Адключылі нечакана

Каб «не спрыяць» дзейным уладам, суразмоўца з сям’ёй са жніўня вырашыў не плаціць за камунальныя паслугі. За два месяцы запазычанасць склала каля Br 80 без уліку электрычнасці.

Ніякіх паведамленняў жыхары кватэры не атрымалі. Толькі ўжо пасля яны знайшлі ў паштовай скрыні два паведамленні пра неабходнасць забраць заказную карэспандэнцыю з пошты.

«Але ж не толькі праз пошту яны павінны паведаміць. Пасля мы тэлефанавалі ў разліковы цэнтр, дык у нас спыталі, ці не павесілі нам на скотч які-небудзь ліст, неяк не папярэдзілі. Не, проста валяецца ліст у паштовай скрыні», – адзначыў суразмоўца.

Пломба на электрашчытку.
Фота: чытач belsat.eu

У выніку, паводле яго, 21 кастрычніка «злы дзядзька»-электрык прыйшоў і за некалькі гадзін да закрыцця ЖЭСу адключыў электрычнасць у шчытку, выцягнуўшы дрот сілкавання. На скотчы вісела паперка са штампам – пломба і папярэджанне пра магчымы штраф за яе пашкоджанне.

«Скотч на ўсе гэтыя папярэджанні і пломбы ў іх знайшоўся, а неяк паведаміць адэкватна пра адключэнне – гэтага не было», – падкрэсліў суразмоўца.

Папярэджанне за адказнасць за парушэнне пломбы.
Фота: чытач belsat.eu

Паводле яго, не было папярэджанняў і на квітанцыях пра аплату паслугаў. Такім чынам, вечар і ноч давялося пабыць без святла.

«Нічога асаблівага. Толькі за лядоўню крыўдна. А так вечарок без электрычнасці пасядзелі – было больш смешна. Ёсць традыцыя ліхтарыкамі ў 22:00 свяціць, а ў нас гэта пачалося трошкі раней», – сказаў ён.

Раніцай наступнага дня жыхары кватэры аплацілі запазычанасць, і прыкладна праз гадзіну ім падключылі электрычнасць назад.

«Мы заплацілі 53 рубля за пазамінулы месяц і яшчэ дзевяць рублёў за тое, што электрык схадзіў адключыў і падключыў нас», – распавёў суразмоўца.

Шмат хто не плаціць

Размовы ў чатах паказалі, што прынамсі яшчэ трое чалавек у Першамайскім раёне засталіся без святла, распавёў суразмоўца. А падчас тэлефанавання ў кантакт-цэнтр 115 і па нумары, які пакінулі на папярэджанні, яму паведамілі, што за камунальныя паслугі не плацяць шмат людзей.

У якасці лайфхаку на будучыню ён прапанаваў затрымліваць аплату не на два месяцы, а на адзін, каб не было адключэнняў. Пры гэтым суразмоўца адзначыў, што раней было шмат паведамленняў пра тое, як пэўныя людзі гадамі не аплачвалі запазычанасці і іх ніхто не адключаў.

Якія правілы?

Як паведамляе партал камунальнай пісьменнасці:

  • Арганізацыя, якая падае камунальныя паслугі, мае права прыпыніць (замарозіць) іх аказанне грамадзяніну (або грамадзянам), які без паважных прычын назапасілі запазычанасць па аплаце гэтых паслуг за два ці больш разліковыя перыяды і не пагасіў гэты абавязак у перыяд пяці дзён пасля атрымання пісьмовага папярэджання.
  • Выдаткі, звязаныя з аднаўленнем атрымання жыллёва-камунальных паслуг, пакрываюцца грамадзянінам, які дапусціў падобнае. Забеспячэнне камунальнымі паслугамі аднаўляецца ў перыяд не больш як 2 содняў пасля падачы ў арганізацыю, якая аказвае камунальныя паслугі, дакументаў, што пацвярджаюць пагашэнне наяўнай запазычанасці і поўнай аплаты выдаткаў у сувязі з аднаўленнем аказання паслуг ЖКГ.
  • Аплата паслуг ЖКГ павінна рабіцца штомесяц да 25 чысла месяца наступнага за справаздачным у поўным памеры.
  • Плацельшчыкі жыллёва-камунальных паслуг, якія нясвоечасова і (або) не ў поўным памеры аплацілі паслугі ЖКГ, абавязаны выплаціць пеню ў памеры 0,3% ад нявыплачанай ва ўстаноўлены тэрмін сумы плацяжоў за кожны дзень пратэрміноўкі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў