Ад паводкі ў Сібіры некалькі гарадоў ужо тыдзень знаходзяцца пад вадой


Дзеці каля школы ў адным з падтопленых гарадоў Іркуцкай вобласці. Фота – Forum / ТАСС

Загінулі, паводле афіцыйных звестак, пяць чалавек, яшчэ дваіх лічаць прапаўшымі без звестак. Больш за тысячу чалавек эвакуяваныя. Паводле Міністэрства аховы здароўя рэгіёну, у сувязі са стыхіяй шпіталізаваныя 130 чалавек. Агулам па медычную дапамогу звярнуліся калі 600, падае радыё «Свабода».

У выніку паводкі, якая працягваецца ў Іркуцкай вобласці ўжо тыдзень, затопленымі аказаліся больш за 4 тысячы жылых дамоў. У горадзе Тулун з насельніцтвам у 41 тысячу чалавек, дзе рака Ія выйшла з берагоў і прарвала дамбу, падтопленыя 900 дамоў. За апошнія содні з прыватных дамоў у Тулуне эвакуяваныя больш за 100 жывёлаў. Загінуць тут магло каля 600 галоў быдла.

Агулам ад стыхіі пацярпелі больш за 50 населеных пунктаў. У некалькіх раёнах паводка падтапіла водазаборы, якія забяспечвалі гарады пітной вадой. На затопленай тэрыторыі знаходзяцца могілкі, жывёльныя могільнікі і ачышчальныя збудаванні, таму існуе рызыка распаўсюджвання інфекцыяў.

Улады арганізуюць дастаўку пітной вады.

30 чэрвеня 2019 года. Жыхары затопленага гораду Тулун у Іркуцкай вобласці. Фота – Nikolai Polyskalov-Shinkarenko / ТАСС / Forum

Амаль 30 тысяч чалавек у зоне бедства застаюцца без электрычнасці.

Міністэрства па надзвычайных справах абвесціла набор добраахвотнікаў для ліквідацыі наступстваў паводкі. Запрашаюць людзей з розным досведам і добра экіпіраваных.

30 чэрвеня 2019 года. Затоплены горад у Іркуцкай вобласці. Фота – «Иркутск сегодня» / ТАСС / Forum

У ноч на нядзелю Уладзімір Пуцін на шляху з Японіі, дзе прайшоў саміт Вялікай дваццаткі, наведаў Іркуцкую вобласць і правёў нараду ў сувязі з паводкай.

Некаторыя расейскія медыі са спасылкай на паведамленне ТАСС раніцай у нядзелю паведамілі, што ўзровень вады ў Тулуне стаў зніжацца.

30 чэрвеня 2019 года. Затопленыя тэрыторыі Іркуцкай вобласці. Фота – «Иркутск сегодня» / ТАСС / Forum

24 чэрвеня ў Іркуцкай вобласці пачаліся праліўныя дажджы, пасля чаго пачаў імкліва расці ўзровень вады ў рэках Уда, Ангара, Вялікая Белая, Ія, Ака, Біруса ды Іркут. У сераду раніцай затопленымі аказаліся сотні кіламетраў, а рэкі ў некаторых месцах сталі на тры метры вышэй за крытычныя адзнакі. Мясцовыя кажуць, што паводкі такой моцы тут не было некалькі дзясяткаў гадоў.

Ува ўсёй Іркуцкай вобласці ўвялі надзвычайны рэжым.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў