Шведская амбасада закрылася


З сённяшняга дня інтарэсы Швецыі ў візавых пытаннях у Беларусі прэзентуе амбасада Эстоніі.

Сярод іншага амбасада Эстоніі будзе выдаваць беларусам шведскія візы. Магчымыя інтэрв’ю і кантроль дакументаў грамадзянаў Беларусі ад 21 жніўня будзе праводзіць амбасада Швецыі ў Маскве.

Закрыццё амбасады – вынік дыпламатычнага скандалу

Беларуска-шведскі канфлікт разгарэўся пасля таго, як 1 жніўня ўлады Беларусі паінфармавалі Швецыю аб непрацягненні акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Шведскага дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.

У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамендавалі двум працаўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі абвесціла пра адкліканне ўсіх працаўнікоў беларускай амбасады ў Стакгольме. Шведскага боку рэкамендавана распачаць аналагічныя захады і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Менску да 30 жніўня.

Еўразвяз асудзіў дзеянні афіцыйнага Менску ў дачыненні Швецыі. 10 жніўня Камітэт палітыкі ды бяспекі Рады ЕЗ правёў пазачарговае пасяджэнне, паводле вынікаў якога было заяўлена: з улікам дыпламатычнага канфлікту паміж Беларуссю і Швецыяй у кастрычніку ЕЗ прыме рашэнне пра абмежавальныя захады ў дачыненні ўладаў Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў