У Менску не знайсці медыкаў


У беларускай сталіцы не хапае больш як тысячы медсясцёр і 400 дактароў, паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка.

Паводле яго, установы аховы здароўя Менску на пачатак лета мелі патрэбу ў 1000 дактароў і 1700 медработнікаў сярэдняга звяна. Пасля размеркавання маладых спецыялістаў яны атрымалі толькі каля 500 дактароў і 378 медсясцёр ды акушэрак.

Карпенка адзначыў, што ў сталіцы працуюць два медычныя каледжы, аднак “туды менчукі неахвотна ідуць вучыцца”, бо “гэта працаёмкая спецыяльнасць, якая патрабуе не толькі ведаў, але і практычнага досведу”.

“Праблему недахопу медычных кадраў імгненна не развяжаш”, – сказаў Карпенка, падкрэсліўшы, што рыхтуюць медычных работнікаў доўгі час.

Намеснік старшыні гарвыканкаму заявіў, што замацоўваць кадры ў Менску будуць праз даванне месцаў у інтэрнатах кватэрнага тыпу.

Плануецца таксама палепшыць матэрыяльную базу медкаледжаў і ўвесці ў перспектыве мэтавы набор навучэнцаў для медычных установаў Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў