“Асабіста ў мяне нікога не затрымалі, – кажа грамадская актывістка Святлана Губей. – Але я вырашыла, што гэта мой грамадзянскі абавязак – шукаць чужых дзяцей, затрыманых падчас акцыі 19 снежня.
Працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі масавай акцыі пратэсту ў Менску. Большасць з іх асуджаныя на 10–15 дзён адміністрацыйнага арышту, у адзінкавых выпадках затрыманых караюць штрафамі. Паводле звестак праваабаронцаў, на розныя тэрміны арышту ўжо асудзілі каля 600 чалавек.
Пра знаходжанне некаторых затрыманых да гэтай пары невядома. Адна з тых, хто высвятляе іхны лёс, – кіраўніца справамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, давераная асоба экс-кандыдата Андрэя Саннікава Святлана Губейка, якая дзяжурыць каля будынку суда Цэнтральнага раёну сталіцы.
“Я сама маці дзвюх дачок. Таму я вельмі перажываю за тых людзей, якія не ведаюць, дзе цяпер іхныя дзеці, – кажа актывістка. – Мы збіраем дапамогу, перадачы, і мая сям`я вылучыла на гэта невялікую суму. Будзем падтрымліваць як можам. Каб нашыя дзеці адчувалі, што за імі ёсць дарослыя людзі, што мы іх падтрымліваем”.
Жанчына прызналася, што таксама ўдзельнічала ў акцыі і атрымала дручком падчас разгону дэманстрантаў, але затрымання пазбегла.
belsat.eu