Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.
У цэнтры Менску 22 кастрычніка прайшла акцыя пратэсту людзей з інваліднасцю. Больш за сотню дэманстрантаў (некаторыя з бел-чырвона-белымі сцягамі) сабраліся на плошчы Незалежнасці і рушылі шэсцем па праспекце. Каля будынкаў КДБ удзельнікі маршу скандавалі «Выпускай», «Свабоду палітвязням», «Трыбунал», а каля МУС – «Караева пад суд». Акцыя прайшла без затрыманняў.
Учора ўвечары ў Салігорску невядомыя падпалілі чатыры аўтамабілі на паркоўцы салігорскай пракуратуры, а таксама будынак міжраённага аддзелу Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз (у выніку быў пашкоджаны адзін з кабінетаў). Паводле звестак МУС, крыніца агню была занесена звонку праз прыадчыненае акно, а на будынку знойдзена надпіс чорнага колеру «ГоловаТЫ NEXT».
«У апошні час радыкальны пратэст пачынае пераходзіць у тэрарыстычны акт», – заявіў у сувязі з гэтым начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Менаблвыканкаму Аляксандр Копішаў.
22 кастрычніка Менск наведаў дырэктар Службы знешняй выведкі Сяргей Нарышкін. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама кіраўніком КДБ Іванам Церцелем і сакратаром Савету Бяспекі Валерыем Вакульчыкам. Адбылося гэта за тры дні да завяршэння тэрміну народнага ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай.
«Не сакрэт, наша сустрэча зробіць у сапраўдны момант нейкі адпаведны выбух у СМІ, асабліва ў Інтэрнэце. Ды мы і не ўтойваем, абстаноўка вакол нас няпростая, я маю на ўвазе Саюзнай дзяржавы. Дзякуй вам за тую інфармацыю, якую вы рэгулярна даводзіце да нашых спецслужбаў і да мяне ў тым ліку», – сказаў Лукашэнка Нарышкіну.
Аднак ніякіх сенсацыйных заяваў па выніку сустрэчы не было зроблена. Нарышкін распавёў СМІ, што на перамовах ішла размова пра «канцэнтрацыю намаганняў на пытаннях бяспекі», а таксама ў чарговы раз заявіў, што на сітуацыю ў Беларусі нібыта спрабуюць уплываць вонкавыя сілы.
«Мы бачым імкненне неканстытуцыйнымі метадамі змяніць дзейны дзяржаўны лад», – сказаў ён.
ІІ belsat.eu