Жарсці па «Еўрафэсце»


Як часцяком бывае ў Беларусі, грамадскасць сумняецца ў сумленнасці выбараў. Гэтым разам выбіралі прадстаўніка нашай краіны на «Еўрабачанні-2012».

Па выніках фіналу «Еўрафэсту», які адбыўся 14 лютага, абвесцілі, што Беларусь у Баку будзе прадстаўляць спявачка Алёна Ланская. Аднак існуе меркаванне, што Ланскай «дапамаглі» перамагчы ў галасаванні. Адпаведныя дакументы, у якіх загадваецца пракантраляваць правільнасць волевыяўлення, апублікавалі шматлікія медыі.

Цяпер арганізатар «Еўрафэсту» – Белтэлерадыёкампанія – спрабуе высветліць, ці сапраўды вядзецца расследаванне вынікаў галасавання на фінале конкурсу.

Пакуль у арганізатараў нацыянальнага адбору на міжнародны конкурс «Еўрабачанне-2012» няма афіцыйнага пацвярджэння таго, што такі разбор вядзецца, заявіла БелаПАН крыніца ў Белтэлерадыёкампаніі. «Пра гэтыя падзеі стала вядома з інтэрнэту. У нас няма ні паперы, ні прадпісання, нічога афіцыйнага, што пацвярджала б гэты факт. Мы звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, але нам не адказалі», – паведаміў суразмоўца.

Арганізатары «Еўрафэсту» спадзяюцца, што бліжэйшымі днямі «штосьці праясніцца».

16 лютага партал TUT.BY распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што з-за неадназначнай рэакцыі грамадскасці на вынікі фіналу «Еўрафэсту» Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся разабрацца, наколькі аб’ектыўна вызначылі пераможцу конкурсу, і для гэтага стварылі спецыяльную камісію, куды нібыта ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку спецыялісты ў абароне інфармацыі.

У РУП «Белтэлекам», якое забяспечвала тэлефоннае галасаванне гледачоў, каментаваць сітуацыю адмовіліся.

16 лютага Белтэлерадыёкампанія паабяцала ў найбліжэйшыя дні размясціць на сваім сайце расшыфроўку тэлефоннага галасавання, аднак гэтага пакуль не зрабілі.

Тым часам 18 лютага з’явілася інфармацыя пра тое, што ў межах расследавання дапытваюць чальцоў журы.

На просьбу пракаментаваць гэтыя звесткі старшыня журы, кіраўнік праекту «Еўрафэст» Аляксандр Ціхановіч заявіў: «Ні пра якія камісіі не ведаю. «Еўрафэст» не займаўся галасаваннем – галасаваннем займаліся правайдары. Нам далі вынікі – і іх проста вядоўцы агучылі. Я быў старшынём журы і магу толькі сказаць, што нашыя меркаванні разышліся: журы прагаласавала за гурт «Litesound», а тэлегледачы – за Ланскую».

belsat.eu

Стужка навінаў