«Беларусь – адзін верш»


Беларуская паэзія – гэта не толькі тое, што нас прымушалі чытаць у школьных падручніках. Беларускія паэты – не толькі памерлыя творцы ХХ ст. Беларускія вершы – не толькі любоўная лірыка.

«Белсат» прэзентуе новы дакументальны цыкл «Беларусь – адзін верш». У 10 серыях вы сустрэнецеся з такімі творцамі, як Уладзімір Арлоў, Вера Бурлак, Адам Глобус, Генадзь Бураўкін ды іншыя. Кожны з паэтаў вядзе нас сцежкамі ўласнае штодзённасці да свету сваіх ідэяў.

Прэм’ера 1 лютага, а 20:45 (паўтор: чацвер аб 11:35). Наступныя серыі – штосераду.

Глядзець цэлую праграму тут: http://belsat.eu/be/archiwum_programow/m,2393,ch-1.html

«Беларусь – адзін верш» – гэта вынік беларуска-чэшскай супрацы. Аўтар ідэі, выдавец, сябра чэшскага грамадскага аб’яднання «Асацыяцыя для грамадства і культуры» Пэтр Мінаржык, распавёў нам, як чэшскай здымачнай групе працавалася ў Беларусі ды чаму чэхі зацікавіліся беларукаю паэзіяй:

Усё пачалося, калі ў нашае выдавецтва «Větrné mlýny» беларускую літаратуру прывёз Сяргей Сматрычэнка, багеміст з Менску, якога можна назваць душою шматлікіх літаратурных праектаў, звязаных з беларускаю культурай у Чэхіі. Разам з ім у 2008 г. мы ладзілі літаратурны фестываль «Месяц аўтарскіх чытанняў», дзе Беларусь была адмысловым госцем. Тады Чэхію наведаў 31 беларускі пісьменнік, так усё і пайшло.

На сённяшні момант цыкл складаецца з 10 частак, але, несумненна, іх магло б быць і 20 або нават 100. Мы намагаліся зрабіць так, каб у цыкле прысутнічалі аўтары розных пакаленняў, рознай паэтыкі, а таксама розных падыходаў да жыцця і творчасці.

У беларукай паэзіі ўсцяж у якаснай форме існуе нешта накшталт ангажаванай, магчыма, нават нацыяналістычнай паэзіі. У нас гэта з якаснай паэзіі амаль знікла, а жанр ангажаванай паэзіі існуе толькі на ўскрайку самой літаратуры. У гэтага ёсць свае прычыны: калі ў Чэхіі вы хочаце пракаментаваць палітыку або агулам грамадства, вы напішаце артыкул у газету або выступіце на тэлебачанні. У нас кажуць усё цалкам, без алегорыяў, як ёсць, што адназначна добра для палітычнай культуры, але паэзія ад гэтага несумненна бяднее.

У Беларусі нам працавалася добра, бо ў нашай камандзе былі выдатныя памочніцы-беларускі, якія пра ўсё дамаўляліся і ўсё вырашалі. Мы не сустрэліся з якімі-кольвек перашкодамі ці забаронамі з беларускага боку. Мы мелі афіцыйную акрэдытацыю, але амаль не было патрэбы ёю карыстацца.

У першы дзень нашага візіту ў Менск, калі мы пазычалі тэхніку, з намі здарылася дзіўная гісторыя. Адзін беларус нам сказаў, што калі мы згубім тэхніку, то, паводле правілаў, яны будуць вымушаныя зачыніць таго, хто яе згубіў, у бочцы, пакуль тэхніка не знойдзецца. Раней мы былі начутыя пра Беларусь, таму, вядома, шмат часу прайшло, пакуль мне гэты жарт спадабаўся. Ва ўсю моц я пачаў смяяцца ўжо па дарозе дамоў.

Нягледзячы на палітыку і непрыемную, стрэсавую абстаноўку навокал, Беларусь сапраўды вельмі прыемная і гасцінная краіна. Адзінае, чаго за ўвесь час нам так і не ўдалося разгадаць, – гэта энергія, якая нібыта лунае ў паветры. Напрыклад, калі мы ўваходзілі ў ліфт, мы аўтаматычна віталіся і ўсміхаліся, адказам жа былі маўчанне і хмуры выраз твару. Было б няблага, калі б людзі былі больш прыязныя адзін да аднаго, але гэта яшчэ прыйдзе, я ў гэта веру.

Вольга Швед
Стужка навінаў