Перадвыбарная «зачыстка»: БХК наступны?


Міністэрства падаткаў і збораў просіць ініцыяваць працэс ліквідацыі РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”. З такім паведамленнем падаткоўцы звярнуліся ў Міністэрства юстыцыі, пра што ў Мінюсце паведамілі старшыні БХК Алегу Гулаку – паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі.

Палітолаг Юрый Чавусаў нагадвае, што ў 2012 г. маюць адбыцца выбары ў парламент. Паводле эксперта, перад выбарамі ўлады Беларусі традыцыйна праводзяць “зачыстку” ў грамадскім сектары і на палітычным полі. “Магчыма, Беларускі Хельсінкскі камітэт, які займаецца назіраннем за выбарчым працэсам, маніторынгам, сутыкнецца з новымі праблемамі, – гаворыць Юрый Чавусаў. – Арганізацыю, што займаецца назіраннем, ставяць пад пагрозу ліквідацыі, у падвешаны стан”.

На думку афіцыйных асобаў, БХК мусіць заплаціць у бюджэт больш як Br 240 млн падаткаў і штрафных санкцыяў з выкарыстаных у 2002–2003 гг. грантаў Еўракамісіі, якія, згодна з мiжнароднаю дамоваю Рэспублiкi Беларусь, падаваліся ў безнаяўным рэжыме. У межах міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Еўракамісіі фінансаваліся больш за 30 грамадскіх аб’яднанняў, аднак падатковыя выплаты былі налічаныя толькі ў дачыненні дзвюх арганізацыяў.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт – апошняя зарэгістраваная ў Беларусі праваабарончая арганізацыя рэспубліканскага ўзроўню. БХК ажыццяўляе маніторынг усіх выбарчых кампаніяў, рыхтуе экспертныя высновы ў найбольш рэзанансных справах, аказвае прававое падтрыманне грамадзянам у 11 гарадах краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў