Павел Барадзін: Як гаварыў паважаны мною таварыш Сталін...


Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы даў прэсавую канферэнцыю на тэму беларускіх выбараў.

Прэсавая канферэнцыя Паўла Барадзіна, дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі, сябра групы міжнародных назіральнікаў ад Расеі адбылася сёння ў Маскве. Яна прайшла ў медыя-цэнтры газеты “Известия” і была прысвечаная прэзідэнцкім выбарам у Беларусі. Тэму акрэслілі наступным чынам: “Выбары ў Беларусі: старт агітацыйнай кампаніі, кандыдаты на прэзідэнта, хто пераможа, будучыня Саюзнай дзяржавы”.

“Як казаў паважаны мною таварыш Сталін, не важна, хто галасуе, важна, хто лічыць. Гэта, канечне, добры выраз, але ён не адпавядае рэчаіснасці”, – змякчыў гучную заяву Павел Барадзін.

Ён распавёў, што сустракаўся з апазіцыйнымі кандыдатамі ў Маскве, але ім няма чаго прапанаваць беларускаму народу, апрача адхілення ад улады Лукашэнкі. “Хто стане прэзідэнтам Беларусі, будзе вырашаць народ”, – падсумаваў традыцыйнаю фразаю тэму выбараў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы.

Барадзін запэўніў прысутных, што Расея будзе надалей падтрымліваць Беларусь. Пра гэта сведчыць павелічэнне бюджэту Саюзнай дзяржавы. А робіць яна гэта праз тое, што “кожны трэці беларус загінуў, абараняючы [падчас Другой сусветнай вайны] нашу Радзіму”.

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы заявіў, што не належыць ні да якой партыі, назваўшыся “камуністам Савецкага Саюзу”. Некалькі разоў падчас прэсавай канферэнцыі Барадзін прамаўляў фразу: “Ідзе 17-ты год”. Ён прапанаваў аднавіць усю постсавецкую прастору, “бо раз на 100 гадоў такое здараецца”, і паабяцаў, што потым ў яе ўвойдзе і Еўропа. Гэтаму, паводле чыноўніка, спрыяюць самі законы макраэканомікі, паводле якіх нават Нямеччына і ЗША штогод патрабуюць павелічэння колькасці спажыўцоў тавараў і паслугаў.

belsat.eu

Стужка навінаў