Вырак Цімашэнцы: 7 гадоў турмы (Абноўлена)


Украінскі суд прызнаў Юлію Цімашэнку вінаватаю ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і нанясенні стратаў дзяржаўнаму прадпрыемству “Нафтагаз”. Вырак – 7 гадоў турмы і забарона цягам 3 гадоў займаць дзяржаўныя пасады. Акрамя таго суд забавязаў Цімашэнку выплаціць “Нафтагазу” 188 млн долараў.

“Я думаю, што вырак, які сёння выносіць прэзідэнт Януковіч, насамрэч толькі дадасць украінцам сілы і разумення, што дыктатары і рэжымы самі не сыходзяць. Іх трэба прыбіраць. І таму гэта не справа выключна партыі “Бацькаўшчына” – і не справа толькі палітыкаў. Гэта справа ўсяго ўкраінскага грамадства”, – заявіла Юлія Цімашэнка падчас перапынку.

Тым часам каля будынку суда сабраліся некалькі тысяч прыхільнікаў ды праціўнікаў Юліі Цімашэнкі. Там сама сканцэнтраваная вялікая колькасць міліцыі. Прыхільнікі Цімашэнкі пратэстуюць супраць крымінальнага пераследу лідаркі апазіцыі ды называюць яго палітычна матываваным.

Генеральная пракуратура абвінаваціла экс-прэм’ера ў перавышэнні паўнамоцтваў падчас падпісання газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 г. Паводле следства, пагадненні нанеслі шкоду ўкраінскай дзяржаве і кампаніі “Нафтагаз”. Пракурор запатрабаваў для лідаркі апазіцыі 7 гадоў зняволення, а таксама 3-гадовай забароны на займанне дзяржаўных пасадаў.

belsat.eu

Стужка навінаў