5 падсудных і 11 пацярпелых амапаўцаў: пачаўся суд аб групавым гвалце над сілавікамі


12 студзеня ў Ленінскім судзе Горадні пачаўся разгляд крымінальнай справы аб гвалце над сілавікамі. На лаве падсудных 5 чалавек: Аляксандр Якубоўскі, браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова. Яны абвінавачваюцца паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак – да 3 гадоў зняволення) і арт. 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт да супрацоўніка органаў унутраных справаў – да 6 гадоў зняволення). Гарадзенцы сваёй віны не прызнаюць.

Пацярпелымі ў справе праходзяць 11 супрацоўнікаў АМАПу. Ніхто з іх на першае судовае паседжанне не прыйшоў. Пры гэтым у матэрыялах справы іхныя прозвішчы змененыя «з-за мераў бяспекі». Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік.

12 студзеня ў Ленінскім судзе Горадні пачаўся разгляд крымінальнай справы аб гвалце над сілавікамі.
Фота: Белсат

Версія абвінавачання

Згодна з версіяй абвінавачання, падсудныя ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі ў Горадні 6 верасня 2020 года, і іхныя дзеянні былі «наўмысна злачыннымі»: яны мелі злачынны намер парушыць грамадскі парадак і спакой, заміналі працы супрацоўнікаў міліцыі, узяўшыся за рукі ў счэпку, а таксама прычынілі фізічны боль сілавікам.

Так, згодна са следствам, Аляксандр Якубоўскі, маючы злачынны намер, узяў «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях», парушыў рух транспарту, ужываў гвалт да супрацоўнікаў міліцыі ды пагражаў ім, заахвочваў да гвалтоўных дзеянняў іншых, перашкодзіў працы 10 сілавікоў.

Гісторыі
«Гэта катаванні, каб знішчыць як асобу». Размова з маці студэнта, пакаранага 114-дзённым арыштам
2021.01.13 07:28

Надзея Сцепанцова нібыта рабіла амаль тое ж самае, але перашкодзіла службовай дзейнасці ўжо 12 супрацоўнікаў АМАПу. Згодна з абвінавачаннем, яна пагражала ўжыць гвалт да супрацоўнікаў міліцыі, аказвала супраціў і ўдарыла ў твар аднаго з сілавікоў. Акрамя гэтага, падчас шэсця да ўнівермагу «Берасце», у якім жанчына нібыта ўдзельнічала, была нанесеная шкода аўтапарку гораду – на 61 рубель.

Уладзімір Седзянеўскі абвінавачваецца ў тым, што 6 верасня мэтанакіравана прыбыў на несанкцыянаваную акцыю, натхняў іншых людзей на ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі. Падчас шэсця нанёс шкоду аўтобуснаму парку на 20 рублёў і тралейбуснаму парку на 51 рубель.

Амаль такія ж абвінавачанні прадявілі Юрыю Седзянеўскаму і Жанне Захаркевіч. Толькі Юрый Седзянеўскі меў намер ужыць гвалт ужо да 13 супрацоўнікаў АМАПу.

12 студзеня ў Ленінскім судзе Горадні пачаўся разгляд крымінальнай справы аб гвалце над сілавікамі.
Фота: Белсат

Абвінавачаныя, лічыць следства, нібыта наўмысна ўзяліся за рукі, выштурхоўвалі супрацоўнікаў АМАПу з праезнай часткі, заклікалі іншых да непадпарадкавання, што заахвоціла іх ужываць гвалт да сілавікоў, кідаць камяні.

Што кажуць падсудныя?

Падчас допыту Аляксандр Якубоўскі распавёў, што 6 верасня ішоў запісвацца на камп’ютарныя курсы. На вуліцы Гарнавых ён убачыў групу людзей, якія паводзілі сябе цалкам спакойна: ніякіх заклікаў да масавага мерапрыемства ён не чуў, і ніхто з людзей не парушаў грамадскага парадку. Пазней з’явіліся людзі ў чорным без апазнавальных знакаў, якія пачалі збіваць мірных гарадзенцаў. Пры гэтым ніякіх папярэджванняў пра парушэнне заканадаўства ад іх не гучала.

«Мяне схапіў чалавек у балаклаве, пацягнуў, ударыў, потым адпусціў. Убачыўшы, што на нас ляцяць людзі ў чорным, людзі інтуітыўна ўзяліся за рукі, але гэта было не мэтанакіравана», – распавядае падсудны.

Паводле яго, у мірных грамадзянаў не было ніякай агрэсіі ды заклікаў да гвалтоўных дзеянняў. Наадварот, гвалт якраз быў ужыты супраць мірных людзей з боку людзей у чорным.

Якубоўскага затрымалі ды адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС, пазней аштрафавалі на 20 базавых велічыняў паводле арт. 23.34 КаАП.

12 студзеня ў Ленінскім судзе Горадні пачаўся разгляд крымінальнай справы аб гвалце над сілавікамі.
Фота: Белсат

Надзея Сцепанцова падчас допыту распавяла, што 6 верасня разам з роднай сястрой Жаннай Захаркевіч выправілася на закупы ў гандлёвы цэнтр. На вуліцы Гарнавых убачыла групу людзей, якія мірна ішлі па тратуары. Ніхто нічога не парушаў, і тут з’явіліся людзі ў чорным. Без папярэджванняў яны пачалі пырскаць у людзей слезацечным газам.

«У той дзень я перажыла сапраўдны шок ад жорсткіх дзеянняў невядомых людзей у чорным. Ніхто з натоўпу не біў іх, наадварот, гэта яны білі людзей», – згадвае жанчына.

Сама яна нікога не біла. У яе спаўзла сумка з правага пляча, і каб утрымаць яе, жанчына здзейсніла рух, які следства палічыла «ўдарам». Яе выклікалі ў Следчы камітэт толькі 10 лістапада. Там яна і даведалася пра крымінальную справу.

Гісторыі
Бацька палітзняволенай гарадзенкі: Магчыма, мая дачка трапіла ў закладнікі
2020.12.05 08:00

Жанна Захаркевіч падчас допыту паведаміла практычна тое самае. А тое, што яны з сястрой трымаліся пад рукі, – гэта звычайная рэч падчас прагулак.

«Натоўп пачаў выштурхоўваць нас наперад. Нам не было куды дзецца: ззаду натоўп, наперадзе – людзі ў чорным. Побач мы бачылі, як людзі ў чорным збіваюць звычайных людзей. У мяне быў шок: чаму збіваюць людзей? Ніякай акцыі не было, яны проста мірна ішлі. Я спытала, чаму людзі ў чорным бʼюць грамадзянаў? Нам у адказ сыпалася лаянка, заявы, што «Мы з Расеі, білі вас і біць будзем»! Тут раптам убачылі, як людзі ў чорным душаць чалавека. Ён ужо пасінеў. Мы пачалі крычаць, клікаць міліцыю на дапамогу», – згадвае жанчына.

Разгляд справы працягнецца 13 студзеня.

Падсудныя: хто яны

  • Аляксандр Якубоўскі, дырэктар прыватнай фірмы, з вышэйшай адукацыяй, двое дзяцей – 2,5 і 4 гады.
  • Жанна Захаркевіч, з вышэйшай адукацыяй, двое дзяцей – 14 і 16 гадоў.
  • Надзея Сцепанцова, з вышэйшай адукацыяй, сыну 17 гадоў.
  • Уладзімір Седзянеўскі, з вышэйшай адукацыяй, трое дзяцей – 1 год, 9 і 7 гадоў.
  • Юрый Седзянеўскі, з вышэйшай адукацыяй, двое дзяцей – 2 і 7 гадоў.
Hавiны
«Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні». Што трэба ведаць пра суды ў крымінальных палітычных справах
2021.01.08 07:00

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў