5 гадоў калоніі: у Лідзе вынеслі прысуд вядомаму актывісту Вітольду Ашурку


Таксама ён мусіць сплаціць 1000 рублёў кампенсацыі міліцыянту.

18 студзеня ў судзе Лідскага раёна вынеслі прысуд у крымінальнай справе супраць актывіста з Бярозаўкі, гарадзенскага абласнога каардынатара руху «За Свабоду», сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка.

Яго прызналі вінаватым паводле артыкулаў 342 ч. 1 («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 364 («Гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі») Крымінальнага кодэксу і прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму і сплаціць 1000 рублёў на карысць пацярпелага міліцыята.

«Я зрабіў тое, што мусіў зрабіць, што патрабавала ад мяне мая грамадзянская пазіцыя. Я добра ўсведамляў, чым мне гэта пагражала», – напісаў Вітольд у адным са сваіх лістоў з турмы.

Актывіста затрымалі 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасня пакаралі 30-дзённым адміністратыўным арыштам за ўдзел у васьмі мітынгах. Адбываў пакаранне ў лідскім ізалятары. Аднак пасля содняў Ашурка не выпусцілі, працягваючы ўтрымліваць ужо паводле крымінальнай справы за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), а таксама за гвалт.

Вітольд Ашурак.
Фота: belsat.eu

Ашурка вінавацяць за ўдзел у пратэстах 9 жніўня. 13 кастрычніка ён сустрэў за кратамі сваё 50-годдзе. Пад мурамі лідзкага ізалятару сябры зладзілі для яго феерверк. У зняволенні ў актывіста значна пагоршыўся зрок.

Суд распачаўся 28 снежня, у той дзень падтрымаць Вітольда прыйшло шмат людзей: родныя, паплечнікі, знаёмыя. Аднак суддзя Максім Філатаў абвясціў суд закрытым, маўляў, «праз пагрозу дзяржаўнай бяспецы». Што гэта за пагроза і якую дзяржаўную небяспеку ўяўляе сабой адкрытае судовае паседжанне, суддзя не патлумачыў.

Старшыня суда Вячаслаў Мацук таксама адмовіўся тлумачыць прычыны закрытага пасяджэння, назваўшы гэта правам суддзі. Закрыты палітычны суд у судзе Лідскага раёну не першы: той жа суддзя зрабіў закрытым суд у крымінальнай справе супраць Яўгена Вінчы, якога таксама вінавацілі ў гвалце супрацоўніку міліцыі (арт. 364 КК).

«Суд над Вітольдам быў закрытым, таму нам не вядомыя акалічнасці справы. Але такі жорсткі прысуд мы разглядаем як ціск на лідскую грамадзянскую супольнасць, якая даволі актыўная ў сваім рэгіёне. Аднак сёння судовая зала не магла змясціць усіх жадаючых падтрымаць Вітольда, таму можна быць упэўненымі, што лідскія актывісты не запалоханыя і гатовыя змагацца супраць прававога бязмежжа ў нашай краіне», – сказаў у каментары «Белсату» кіраўнік руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Сапраўды, сёння на агучванне прысуду падтрымаць Вітольда Ашурка прыйшлі больш за 50 чалавек: паплечнікі, родныя, сябры. Ёсць тыя, хто спецыяльна прыехаў з Менску і Гомля.

ДАВЕДКА

Хто такі Вітольд Ашурак

У палітыцы Вітольд ужо 10 гадоў, і за гэты час ён прайшоў праз шмат што: былі і затрыманні, і арышты, і штрафы. Ён вядомы тым, што злавіў улады на забруджванні рэк Дзітва і Нёман (актывіст звяртаўся ў пракуратуру з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці вінаватых у забруджванні рэк летам 2019 года, калі ў іх злілі нечыстоты з тэрыторыі Лідскай ЖКГ), змагаўся супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы (26 красавіка 2020 года ён выйшаў на адзіночны пікет да прахадной заводу «Нёман» з плакатам «Шклавата – наш Чарнобыль»), быў адным з ініцыятараў усталявання памятных знакаў у гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы на Дзень Волі, акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага, маршы недармаедаў супраць Дэкрэту № 3. У 2016 годзе быў зарэгістраваны прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат па Дзятлаўскай акрузе, а ў 2019 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Нёманскай выбарчай акрузе № 56.

Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».

belsat.eu

Стужка навінаў