Belsat.eu падводзіць вынікі 35-га дня пратэстаў у Беларусі.
Ці не галоўнай падзеяй сённяшніх пратэстаў стаў Жаночы марш, які прайшоў у Менску. Акцыя пачалася на плошчы Свабоды з брутальных затрыманняў, калі людзі ў зялёным збівалі жанчын. Але дзеянні сілавікоў не спынілі акцыі. Замест гэтага ўдзельніцы сабраліся з другога боку вуліцы і пайшлі да Нямігі.
Дайшоўшы да Траецкага прадмесця, жанчыны павярнулі назад па вуліцы Зыбіцкай і адтуль па праспекце Незалежнасці пайшлі да плошчы Якуба Коласа і нават далей. Даведаўшыся, што наперадзе стаяць сілавікі, удзельніцы зноў перайшлі дарогу і павярнулі назад.
Каля плошчы Перамогі зноў стаялі міліцыянты. Але на гэты раз жанчыны ўжо не разварочваліся, а проста разышліся.
Жаночыя маршы сёння прайшлі і ў іншых гарадах. У тым ліку ў Горадні. Увечары пратэставае жыццё традыцыйна перамясцілася ў спальныя раёны.
Агулам, паводле праваабаронцаў, 12 верасня затрымалі не менш як 69 чалавек. Перадусім у Менску.
Сярод затрыманых апынуліся і карэспандэнты «Белсату» Кацярына Андрэева і Максім Калітоўскі. Іх завезлі на Акрэсціна. Суд за нібыта непадпарадкаванне міліцыянтам і парушэнне заканадаўства пра медыі чакаецца толькі ў аўторак, 15 верасня.
Аляксандр Лукашэнка 12 верасня правёў нараду з сілавым блокам. У прыватнасці, ён заявіў, што, «калі натаўскія войскі ў Польшчы, Літве ў прынцыпе завяршылі так званыя вучэнні і не варушацца там больш, нам варта адэкватна на гэта рэагаваць. Мы не можам там доўгі час без неабходнасці трымаць Узброеныя Сілы ў такой колькасці. Тым больш што гэта нятанна абыходзіцца».
Таксама Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных справаў распавесці пра грамадска-палітычную сітуацыю ў цэлым па краіне.
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель закранула сітуацыю ў Беларусі ў сваім штотыднёвым відэападкасты з нагоды Міжнароднага дня дэмакратыі 15 верасня.
«Мы бачым па ўсім свеце, як нават аўтарытарныя сістэмы могуць быць эканамічна паспяховымі і кідаць нам выклік у многіх галінах – у шкоду асноўных правоў», – адзначыла кіраўнік урада Германіі. У якасці прыкладу яна прывяла становішча ў Беларусі, дзе «прыхільнасць дэмакратыі літаральна растаптаная нагамі».
«Мы ўсім сэрцам – разам з мірнымі дэманстрантамі. Захапляе тое, з якой адвагай і рашучасцю яны выходзяць на вуліцы ў абарону свабоды і вяршэнства права», – дадала канцлерка.
А кіраўнік МЗС Чэхіі Томаш Петршычак заявіў, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі носіць пераломны характар, бо яе грамадзяне абудзіліся ад палітычнай апатыі. На працягу пандэміі каронавіруса Лукашэнка паказаў, што «страціў кантакт з рэальнасцю» і «не разумее, што адбываецца ў яго краіне», падкрэсліў міністр.
Паводле Петршычака, неабходна падтрымліваць грамадзянскія ініцыятывы, а таксама царкву і незалежныя прафсаюзы ў Беларусі, каб аказваць ціск на Лукашэнку. Такім чынам, можна прымусіць яго да перамоваў з прадстаўнікамі апазіцыі і «перадухіліць парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці» гэтай краіны, лічыць кіраўнік чэшскага МЗС.
Заўтра ж у Беларусі чакаецца традыцыйны нядзельны марш. Сачыце за навінамі.
МГ belsat.eu