У 2023 годзе зменіцца сістэма падачы электронных зваротаў беларускім чыноўнікам


Ад 2 студзеня 2023 года электронныя звароты дзяржаўным установам і службам можна будзе падаваць толькі праз сайт Обращения.бел. Звароты ад беларусаў за мяжой стане цяжэй выслаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Электронныя звароты будуць прымацца толькі на адным сайце згодна зменам у закон «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў», адзначае Міністэрства сувязі.

Прымаць звароты будуць у тым, што назвалі «Дзяржаўнай адзінай (інтэграванай) рэспубліканскай інфармацыйнай сістэмай уліку і апрацоўкі зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў». Прыгожай назвы для сістэмы не прыдумалі, а скаротам ДА(І)РІСУіАЗГіЮА або ГЕ(И)РИСУиООГиЮЛ чамусьці не карыстаюцца. Сайт, на якім працуе сістэма, мае толькі расейскамоўны адрас, хоць на ім і можна ўключыць беларускую мову інтэрфейсу.

Да запуску сістэмы звароты можна было падаваць на сайтах дзяржаўных установаў, але формы зваротаў і палі для запаўнення на іх былі рознымі. Цяпер з’явіцца адзіны інтэрфейс для зваротаў ва ўсе ўстановы, а таксама магчымасць атрымаць SMS-паведамленне аб стадыі разгляду звароту.

У сістэме трэба будзе ідэнтыфікаваць сябе, пры чым ідэнтыфікацыя можа быць цяжкай для беларусаў за мяжой. Спатрэбіцца мець нешта з гэтага:

  • беларускую сім-картку;
  • адрас у нацыянальнай паштовай электроннай сістэме, які можна атрымаць у беларускім паштовым аддзяленні;
  • беларускі электронны подпіс;
  • беларускую ID-картку, якую выдаюць у якасці ўнутранага пашпарту з 2021 года.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў