Стала вядома, колькі будзе каштаваць квіток на эвакуацыйны рэйс з Ізраілю ў Беларусь


Квіток на эвакуацыйны рэйс з Ізраілю ў Беларусь, які арганізоўвае беларуская авіякампанія «Белавія», будзе каштаваць 550 долараў, паведамляе «Deutsche Welle» са спасылкай на чытачоў. Гэта даражэй, чым квіткі на камерцыйныя рэйсы ў Варшаву ці Маскву.

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 27 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Для параўнання: квіткі на камерцыйныя рэйсы да Варшавы ці Масквы можна купіць істотна танней – 294 долараў і 400 долараў адпаведна.

Эвакуацыйны рэйс з Тэль-Авіву ў Менск запланаваны на 6 лістапада (рэзервовая дата – 9 лістапада). Рэйс прызначаны на 11 гадзін раніцы, а працягласць палёту складзе каля 6 гадзінаў. Арганізоўвае яго авіякампанія «Белавія», і трапіць на яго могуць толькі грамадзяне Беларусі. Аднак беларусы, у якіх тэрмін дзеяння пашпарта скончыўся, гуманітарным рэйсам скарыстацца не змогуць.

Таксама кожны пасажыр зможа здаць адзін прадмет багажу і ўзяць на борт адзін прадмет ручной паклажы, паведамляе «Reform.by».

Пакуль жа прадстаўніцтва авіякампаніі ў Тэль-Авіве актуалізуе звесткі аб беларусах, якія жадаюць зарэгістравацца на рэйс. Інфармацыя пра рэйс, яго дакладная дата і час будуць пацверджаныя дадаткова пры індывідуальным кантакце.

Квіткі на рэйс можна купіць або ў касах «Белавія» унутры краіны (праз сваякоў) або онлайн, заплаціўшы карткай Visa, растлумачылі ў прадстаўніцтве авіякампаніі ў Ізраілі. Таксама ахвотныя скарыстацца рэйсам могуць звярнуцца ў прадстаўніцтва «Белавія» ў Тэль-Авіве. Кантакты: +972 3 529 29 94/95, israel@belavia.by, вул. Фрышман, 8.

Вядома, што на 12 кастрычніка ў амбасаду Беларусі ў Ізраілі звярнуліся больш за 500 беларусаў. Тады ў дыпламатычнай місіі заяўлялі, што пакуль пра нейкія цэнтралізаваныя эвакуацыйныя захады гаворкі не ідзе, і нібыта гэтае пытанне толькі разглядаецца.

Да таго 19 кастрычніка міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што беларусаў з Ізраілю не эвакуююць нібыта праз санкцыі ЗША супраць кампаніі «Белавія».

Hавiны
Беларусь усё-ткі арганізуе эвакуацыйны рэйс з Ізраілю
2023.10.31 14:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў