Прысуд музыкам гурта «Tor Band» і выкладчыцам універсітэту. Рэпрэсіі за 31 кастрычніка


У Беларусі працягваюцца затрыманні і суды паводле палітычна матываваных справаў. «Белсат» адсочвае выпадкі пераследу беларусаў. Пра што стала вядома 31 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўска / Белсат

Гомельскі абласны суд агучыў вырак палітзняволеным музыкам гурта «Tor Band», песні якіх сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Дзмітрыя Галавача засудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў. Таксама ў даход дзяржавы ў мужчыны канфіскавалі ноўтбук і тэлефон. Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон. Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Ягоны мабільны тэлефон таксама пойдзе ў даход дзяржавы.

Вядома, што ў Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, якое ён меў яшчэ да затрымання. Ён моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна. Як паведамляе радыё «Свабода», Яўген Бурло быў на мыліцах падчас зачытвання прысуду, ён нават не мог падняцца.

Абноўлена
Музыкам гурта «Tor Band» прысудзілі ад 7,5 да 9 гадоў зняволення
2023.10.31 13:01

У Менску асудзілі выкладчыц універсітэту Наталлю Сівіцкую, Надзею Старавойтаву і загадчыцу студэнцкага інтэрната Алену Драбудзька. Ім вынеслі прысуд па крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК. Жанчын абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога», падпісках на «дэструктыўныя» каналы і «агітацыі супраць улады да гэтага часу». Суддзя Алена Бушава прызначыла выкладчыцы Надзеі Старавойтавай і Наталлі Сівіцкай па 3 гады абмежавання волі («хатняя хімія»), а загадчыцы інтэрната Алене Драбудзька – 2,5 гады «хатняй хіміі».

Надзея Старавойтава, Наталля Сівіцкая і Алена Драбудзька.
Фота: spring96.org

40-гадовага жыхара Магілёва Андрэя Міндубаева асудзілі да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і ў паклёпе на яго адрас (арт. 367 КК РБ) – нібыта ён пакінуў каментар пра Лукашэнку ў адным з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк.

Сілавікі затрымалі жыхара Сеніцы, бо на ягоным гаражы была «пратэсная сімволіка» – налепка з Пагоняй. З ім апублікавалі «пакаяннае» відэа, на якім мужчына «прызнаецца» ў тым, што ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэстаў і быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і чаты, а пасля выбараў заходзіў у Сеніцкі выканкам з прапановай правесці мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай і замяніць чырвона-зялёны сцяг каля будынку на нацыянальны.

У Менску затрымалі 28-гадовага юрысконсульта Арцёма Аляксяёнка. Яму пагражаюць крымінальнай справай за каментары ў тэлеграм-чатах. Апошнім часам мужчына працаваў юрысконсультам у кампаніі «Белспортзабеспячэнне», якая арганізоўвае спартовыя мерапрыемствы і трымае гасцініцу «Спорт» на менскай вуліцы Якуба Коласа.

За каментар у чаце палка Каліноўскага затрымалі мужчыну. У відэа сілавікоў сцвярджаецца, што ён нібыта пакінуў каментар «Пацаны, заходите в Беларусь! Народ вас поддержит. Пора уже нас освобождать».

Hавiны
У Жлобіне чальца стачкаму БМЗ пакаралі 2,5 гадамі калоніі
2023.10.31 11:54

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў