Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда – беларусам: пачувайцеся тут як дома


З нагоды гадавіны стварэння легендарнага прафзвязу «Салідарнасць» прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў са зваротам да беларусаў.

«Я звяртаюся да вас у гэты выключны для Польшчы дзень, звязаны з найважнейшым для мільёнаў з нас словам: салідарнасць. 41 год таму жнівеньскія пагадненні далі пачатак гэтаму ўнікальнаму палітычнаму руху, які з 1980 года ачоліў барацьбу палякаў з камуністычнай дыктатурай. Салідарнасць сталася не толькі сімвалам, але і вызначальніцай польскай палітыкі, яе ключавым словам.

У гэтыя дні нашыя думкі не толькі з тымі, хто тады вёў доўгае змаганне з рэжымам, але таксама і з тымі, хто сёння па ўсім свеце б’ецца за сваю свабоду і элементарныя чалавечыя правы. Перадусім нашыя думкі з вамі, дарагія беларускія сябры!

Ужо больш за год Польшча сталася домам для многіх з вас. Вы знайшлі тут абарону ад пераследу, месца, каб працягваць сваю палітычную і эканамічную дзейнасць, і таксама, маю надзею, знайшлі прыязнасць, разуменне і салідарнасць.

Я як прэзідэнт Рэспублікі Польшча, хачу выразна вам гэта падкрэсліць: пачувайцеся тут як дома. І Польшча будзе для вас домам так доўга, наколькі вам гэта будзе патрэбна. Мы ніколі не спынімся падтрымліваць вас. Таксама як падтрымліваем палітычных вязняў у Беларусі незалежна ад іх перакананняў, веравызнання і нацыянальнасці.

Бо Польшча шануе і разумее Беларусь, а мы, палякі і беларусы, надзвычай блізкія народы. Нас яднаюць агульныя продкі, гісторыя, памяць пра герояў, такіх як Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, стваральнікі Канстытуцыі 3 траўня, і дзясяткі тысячаў іншых вялікіх і выбітных постацяў.

Вы для нас – суседзі і браты, а многія з вас з нядаўняга часу яшчэ і жывуць побач з намі тут, на гэтай зямлі.

Дарагія беларускія сябры!

Беларусь – дарагая нам дзяржава, існаванне якой у непарушных межах – адна з крыніцаў бяспекі Польшчы.

За апошнія дні я наведаў Украіну і Малдову, каб выказаць нашае падтрыманне гэтым братнім народам, якія таксама ўдзельнічалі ў барацьбе за дэмакратыю, незалежнасць і сумленнасць.

Дазвольце мне выказаць падтрыманне таксама і вам, усім, хто працуе дзеля вольнай, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.

Вы для нас важныя.

У дзень Салідарнасці адчуйце нашу салідарнасць.

Няхай жыве Беларусь!»

belsat.eu

Стужка навінаў