Адпачынак у далёкім замежжы. Як змяніліся кірункі летняга турызму беларусаў і цэны


Магчымасць выбрацца ў адпачынак за мяжу для жыхароў Беларусі цяпер залежыць ад наяўнасці даволі вялікай сумы грошай і візаў замежных дзяржаваў. Расказваем, што адбываецца на піку турыстычнага сезону – 2023.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стамбул, Турцыя.
Фота: Fleepik

Збіраючыся ў адпачынак, беларускія турысты спачатку чытаюць водгукі на форумах і ў сацыяльных сетках, каб зарыентавацца ў кірунках, якасці і цане. Паводле водгукаў аднаго з форумаў для турыстаў, сем’ям з дзецьмі цяпер рэкамендуюць з краінаў далёкага замежжа Турцыю, Арабскія Эміраты, Грэцыю, Албанію, Іспанію. Таксама кажуць, што спадабалася ў Вʼетнаме, Тайландзе, Індыі, краінах на поўначы Афрыкі.

Гарачыя туры на сайце турыстычнага аператара. Скрыншот: tury.by

Калі зайсці на сайты буйных турыстычных кампаніяў з мэтаю выбрацца на адпачынак проста зараз, то там у топ-5 кірункаў – Турцыя, Егіпет, Арабскія Эміраты, Грэцыя і Іспанія. Блізка стаяць у колькасці прапановаў Мальдывы. Пачатковая цана за гарачыя туры – каля 800 еўраў за асобу ды імкнецца ўверх, туры на больш позні час без зніжак з усяе сілы імкнуцца пераадолець планку 1500 еўраў за адну асобу.

Самым папулярным кірункам адпачынку застаецца Турцыя

Мы паразмаўлялі з эксперткай у сферы турызму Ірынаю. Яна жыве і працуе ў Кіеве, але ў Беларусі ў яе працуе турыстычны бізнес, якім яна кіруе дыстанцыйна, перадаўшы беспасярэдняе кіраванне былым партнёрам. Экспертка расказала, што адбываецца ў сезоне-2023:

«Людзям усё роўна хочацца адпачываць, нават калі вайна і вось гэтае ўсё. Самым папулярным кірункам бесклапотнага адпачынку застаецца Турцыя. Але Турцыя, на жаль, жудасна дарагая. Бо танных беларускіх чартараў як такіх ужо няма. Закрыты пралёт праз Украіну, які быў раней беспасярэдні і хуткі, не лятаюць самалёты з Беларусі і праз Еўропу. Цяпер палёты толькі праз Расею, з Менску праз Маскву».

Суразмоўца таксама згадала і тое, што Турцыя яшчэ не пераадолела наступстваў жудаснага землятрусу і дагэтуль застаецца сейсмічна вельмі актыўнаю зонай. Але яе ўзбярэжжы людзей прывабліваюць, застаецца звычка – едуць адпачываць у знаёмыя мясціны:

«Пуцёўкі туды моцна падаражэлі. Просты прыклад: жанчына ездзіць з дзіцём адпачываць штогод у Турцыю. Сёлета ўзяла крэдыт, каб звазіць дачку на мора. І вось пуцёўка, якая каштавала раней 1500 долараў, цяпер ёй каштавала 2900 долараў. Гэта значыць, розніца глабальная, стала вельмі дорага».

Эміраты ў топе

У тых, хто мае грошы, паводле Ірыны, самы папулярны цяпер кірунак – Эміраты. Большасць пуцёвак прыходзіць у Беларусь праз расейскіх тураператараў, таму цяпер менавіта Эміраты і Турцыя ў топе:

«Але ўявіце: калі так моцна падаражэла Турцыя, то на колькі падаражэлі Эміраты? Адпачынак за мяжою праз Маскву з-за кошту ўсё больш робіцца чымсьці элітарным, хоць гэта ўвогуле самыя звычайныя масавыя гатэлі «ўсё ўключана», там няма нічога эксклюзіўнага. Эксклюзіўнае каштуе ўвогуле па-за межамі здаровага сэнсу».

Магчымасць адпачыць танней зʼяўляецца, калі вылятаць з Варшавы і Вільні. Але «гэта для тых шчасліўчыкаў, хто мае візы». Паводле Ірыны, візы стала рабіць таксама вельмі дорага, але «людзі іх усё роўна робяць, бо гэта сябе акупляе, адкрываючы шлях да больш адэкватнага паводле кошту адпачынку». Таму можна казаць, што вялікая плынь турыстаў таксама ідзе праз сталіцы Літвы і Польшчы, нягледзячы на шматгадзіннае чаканне на мяжы, «але яна наўрад ці будзе адлюстраваная ў турыстычнай статыстыцы па выніках года як выязны турызм, бо такі турызм людзі ўсё часцей арганізоўваюць сабе самі, умеючы лічыць грошы».

«Тут самы папулярны кірунак для беларусаў – Грэцыя і Іспанія. Але ў гэтым выпадку найчасцей людзі купляюць не турыстычную паездку, а спачатку бяруць вылеты сабе, звычайна ў лоўкостах, квіткі там звычайна атрымліваюцца вельмі танныя. Набыўшы квіток, потым праз сэрвісы кшталту «Booking» арандуюць нейкае жытло на курортах, выбіраючы найлепшую паводле кошту прапанову рынку», – расказвае суразмоўца.

Паводле Ірыны, на рынку ёсць даволі шмат прапановаў чарнаморскіх краінаў, былых рэспублік Югаславіі таксама: «Але, выбіраючы з Еўропы, разумееш, што аптымальны варыянт – гэта Грэцыя, Крыт, у Іспаніі – Барсэлона і Коста-Брава, Коста-Дарада. Там, можна сказаць, ідэальныя суадносіны кошту і якасці. Прыклад: двое дарослых і дзіця паводле такой схемы толькі вярнуліся з адпачынку, аддалі за ўсё 600 еўраў. Гэта значыць, розніца ў тым, паляцелі вы з Беларусі ці з Польшчы, глабальная».

Яшчэ адзін нюанс: не ўсе праграмы і сайты для самастойнай арганізацыі адпачынку відаць і адкрываюцца ў Беларусі, ці яны працуюць, але не дазваляюць нічога замовіць і набыць асобам з Беларусі. Таму Ірына рэкамендуе, калі ёсць каго, папрасіць набыць пералёт або арандаваць апартаменты на курорце з любой еўрапейскай краіны: «Звычайна так і робяць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Фота: Fleepik

Пасля ковіду адкрылася Азія і любімы кірунак адпачынку турыстаў з СНД – паўднёва-ўсходняя Азія. Але цяпер туды ехаць Ірына не раіць: там вельмі і вельмі горача. Вʼетнам, Гоа і ўся Індыя, Балі – туды добра ўвесну ці ўвосень, улетку ж гэта не тыя месцы, куды варта ляцець. Паводле суразмоўцы, нават чартарная праграма ў Індыю спыняецца ўвесну і аднаўляецца ўвосень: «Бо лета там – толькі для мясцовых жыхароў і аматараў экстрыму».

Сярод экзатычных кірункаў зʼявіўся Занзібар

Вылет туды таксама праз Маскву. Можна вылецець з Беларусі, але перасядка ўсё роўна будзе ў Маскве, адтуль вылятаюць вялізныя чартарныя рэйсы. «Гэта ў цэлым быў цікавы кірунак да вайны, калі вылет быў з Кіева: маршрут карацейшы, кошты ніжэйшыя. Усе маскоўскія рэйсы ляцяць у абыход Украіны і Еўропы, робяць вялікі круг».

Кажучы пра Занзібар, Ірына акцэнтуе ўвагу на бяспецы. Перад вылетам у любую замежную краіну рабіць прышчэпкі пажадана, а ў краіны Азіі і асабліва Афрыкі – абавязкова: «Яшчэ скажу пра Занзібар. Узровень турыстычных паслуг там своеасаблівы. Усё ж гэта глыбокая Афрыка, і сярэднестатыстычны чалавек, асабліва калі з дзецьмі, а не проста маладзёны, часта баіцца такіх палётаў, улічваючы не зусім той узровень развіцця інфраструктуры за межамі гатэлю. Боязь атруціцца, захварэць, боязь мясцовых казюрак, боязь усяго. Таму гэта, скажам, спецыфічны кірунак, для рызыкоўных. Мусіць, гэта цікава моладзі. Пары з дзецьмі і старэйшыя аддадуць перавагу Турцыі і Эміратам, пра якія я казала».

У цэлым Афрыка «стала даражэйшая праз павелічэнне кошту пералёту, бо трэба аблятаць шмат якія краіны свету, праз санкцыі не ўсе прапускаюць самалёты з Беларусі і Расеі».

Ірына з размоваў з калегамі і ўласнага досведу ведае, што цяпер едуць адпачываць тыя, хто набываў туры загадзя, рыхтаваўся да іх з зімы: «Проста па гарачых пуцёўках мала едуць, ды іх саміх, тураў гарачых, не так ужо і шмат. Раней яны зʼяўляліся, бо аператары рэзервавалі вялікі нумарны фонд у гатэлях партнёраў. Цяпер рызыкі выраслі, кошты выраслі, рэзервуюць пад канкрэтныя запыты».

Сітуацыя на рынку складаная

Агулам, паводле адзнакі эксперткі, сітуацыя на рынку складаная. Больш-менш трымаюцца вялікія кампаніі і тыя, хто адпраўляе людзей адпачываць у Расею: «А далёка не ўсім кампаніям і кліентам гэта прымальна. У цэлым з водгукаў ведаю, што турыстаў стала значна менш». Ірына звязвае зніжэнне колькасці кліентаў у турыстычных фірмах з тым, што шмат людзей, прычым з высокімі заробкамі, праграмістаў, выехала з краіны: «Калі з рынку раптам знікаюць дзясяткі тысяч кліентаў, гэта заўважна».

Суразмоўца кажа, што турбізнес у Беларусі альбо пераарыентуецца ўслед за Расеяй, альбо закрыецца, альбо рэлакуецца: «Некаторыя турыстычныя кампаніі, асабліва невялікія, закрываюцца ў Беларусі і пераязджаюць услед за кліентамі, каб дапамагаць арганізоўваць адпачынак на месцы, бліжэй да кліентаў, з Польшчы ці Літвы».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў