Спікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі не паляцела на Тайвань


Пра тое, што спікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі плануе наведаць Тайвань, стала вядома яшчэ 19 ліпеня. Кітай папярэджваў, што такі візіт будзе мець самыя сур’ёзныя наступствы, калі ён адбудзецца. 30 ліпеня паведамлялася, што амерыканская чыноўніца вылецела на Тайвань, аднак пазней ейны самалёт прызямліўся на Гаваях.

Нэнсі Пэлоўсі.
Фота: Getty Images

31 ліпеня Пэлоўсі паведаміла, што ў яе запланаваныя сустрэчы ў Сінгапуры, Малайзіі, Паўднёвай Карэі і Японіі. Тайваню ў афіцыйнай праграме візіту няма.

«Я ачольваю дэлегацыю Кангрэсу ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, каб пацвердзіць непахісную прыхільнасць Амерыкі нашым саюзнікам і сябрам у гэтым рэгіёне. У Сінгапуры, Малайзіі, Паўднёвай Карэі і Японіі мы правядзем сустрэчы на высокім узроўні, каб абмеркаваць, як мы можам прасоўваць нашыя агульныя інтарэсы і каштоўнасці», – напісала спікерка Палаты прадстаўнікоў у Тўітэры.

Кіраўнік КНР Сі Цзінь Пін падчас размовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у адказ на інфармацыю пра планы Пэлоўсі наведаць Тайвань засцярог ад «гульні з агнём».

Hавiны
Армія і ўлады Кітаю пагражаюць ЗША. А прапаганда прапануе збіць самалёт з Пэлоўсі
2022.07.30 09:24

Былы галоўны рэдактар выдання «Global Times» Ху Сі Цзінь заявіў, што калі амерыканскія знішчальнікі будуць суправаджаць самалёт Нэнсі Пэлоўсі на Тайвань, гэта будзе расцэнена як напад, і ў такім выпадку кітайскія самалёты могуць падняцца ў паветра, каб прымусіць амерыканскую авіяцыю пакінуць паветраную прастору Кітаю.

«Калі гэтага будзе не дастаткова, я думаю, будзе нармальным збіць самалёт Пэлоўсі», – сказаў Ху Сі Цзінь.

Самалёт Нэнсі Пэлоўсі вылецеў 30 ліпеня з авіябазы «Эндрус» у штаце Мэрылэнд. За яго палётам на сэрвісе FlightRadar24 у жывым эфіры сачылі каля 60 тысячаў чалавек. Пасля прызямлення самалёту на Гаваях FlightRadar24 адключыў магчымасць адсочваць рух борта.

Калі б Пэлоўсі прыляцела на Тайвань, яна б стала самым высокапастаўленым чыноўнікам ЗША, які наведаў выспу з 1997 года.

Улады Кітаю так востра адрэагавалі на магчымы візіт, бо лічаць Тайвань кітайскай тэрыторыяй, праз што неаднойчы пагражалі анексіяй выспы.

ЗША таксама афіцыйна не прызнае Тайвань незалежнай дзяржавай, аднак падтрымлівае з ім сувязь і аказвае вайскова-тэхнічную дапамогу.

Нэнсі Пэлоўсі заўсёды актыўна крытыкавала Кітай, асуджала парушэнні правоў чалавека. Плануючы паездку па краінах Азіі, чыноўніца заяўляла, што важна прадэманстраваць падтрыманне Тайваню.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў