З 1 жніўня Беларусь чакае новая хваля змяненняў. Сабралі для вас самыя важныя.
Калі медык больш за траціну працоўнага часу кантактаваў з каронавіруснымі хворымі, ён атрымае даплату толькі за гэтыя гадзіны, а не за ўвесь месяц працы. Гэта прадугледжвае загад Міністэрства аховы здароўя ад 20 ліпеня, які набывае моц 1 жніўня.
З рэкамендацыяў прыбралі пункт, што зацвярджаў атрыманне надбаўкі ў поўным аб’ёме, калі ў кантакце з каронавірусам медык адпрацаваў траціну гадзінаў ці зменаў.
У траўні ковідныя надбаўкі атрымлівалі 69 тыс. працаўнікоў аховы здароўя.
З 1 жніўня павялічваюцца памеры дапамогі на догляд за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў. Да 31 студзеня 2022 года бацькі будуць атрымліваць:
З 1 жніўня павінны таксама перагледзець памер аднаразовай выплаты пры нараджэнні дзіцяці, яна залежыць ад бюджэту пражыткавага мінімуму, які мусіць абнавіцца з пачаткам месяца.
З 1 жніўня знізяць стаўкі ПДВ на некаторыя харчы для дзяцей, напрыклад, на некаторыя віды печыва, сокі з садавіны і гародніны, садавіну, гародніну, дзіцячыя пюрэ, арэхі.
ПДВ на гэтыя тавары паднялі 1 студзеня, а з 1 жніўня адмысловым указам № 285 зніжаюць: з 20 да 10 % стаўкі падатку пры рэалізацыі ў Беларусі і ўвозе ў краіну тавараў для дзіцячага харчавання. Паводле логікі, зніжэнне ПДВ мае знізіць і кошты на згаданыя тавары, але як будзе на справе, невядома.
Таксам з 1 жніўня падымуць цэны на некаторыя маркі цыгарэт. Павышэнне кошту будзе ў межах 5–20 кап. у залежнасці ад маркі. Але некаторыя патаннеюць.
Да прыкладу, цыгарэты «Matrix BLUE» стануць даражэйшыя на 5 кап. і будуць каштаваць 1,45 руб. На 6 кап. вырасце кошт цыгарэт «BOND STREET PREMIUM SPECIAL», «BOND STREET BLUE SELECTION» – да 2,56 руб. Цыгарэты «Прэм’ер, «Прэм’ер 7» падаражэюць на 13 кап. (да 1,53 руб.).
На 15 кап. стануць даражэйшыя «NZ 8», «NZ 10» (да 1,7 руб.) і «Richmond Compact Blue», «Richmond Compact Purple» (да 2,6 руб.). На 20 кап. вырастуць у цане «MINSK CITY MS», «MINSK CAPITAL MS» (да 1,45 руб.) і «MAC» (да 2,75 руб.), на 30 кап. – «NZ 4» (да 1,7 руб.).
Пры гэтым цыгарэты «Карона», «Карона блакітная» патаннеюць на 10 кап. – да 1,43 руб., «Карона слім 100», «Корона блакітная слім 100» стануць таннейшыя на 5 кап. (1,4 руб.). На столькі ж патаннеюць цыгарэты «NZ GOLD COMPACT TF» – да 1,5 руб.
З 1 жніўня Расея павялічыць колькасць авіярэйсаў у Беларусь. Гэтак, колькасць рэйсаў маршрутам Масква – Менск вырасце да 20 за тыдзень. Таксама павялічыцца да трох разоў на тыдзень колькасць рэйсаў Сочы – Менск і Краснадар – Менск.
Цяпер кошты на квіткі з Менску ў Маскву стартуюць ад 200 рублёў у адзін бок. За квіткі туды – назад прыйдзецца заплаціць не менш за 500 рублёў.
27 ліпеня 23-і раз з пачатку года падаражэла аўтамабільнае паліва. З улікам тэндэнцыі, якую мы паспяхова прадказалі на ліпень, нас могуць чакаць чарговыя выпадкі росту коштаў і ў жніўні.
За жнівень паліва можа падаражэць ажно пяць разоў агулам на 5 капеек: 3, 10, 17, 24 і 31 жніўня. Праўда, 10 жніўня з улікам першай гадавіны паслявыбарных пратэстаў падаражэння можа і не адбыцца, як гэта часта бывае ў значныя для пратэсту даты.
З 1 жніўня за выезд за межы Беларусі з Віцебскай вобласці ўводзіцца плата памерам адна базавая велічыня (цяпер 29 руб.). Такая захада будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2023 года.
Раней падобная плата была ўведзеная ў Гомельскай, Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях.
Ад збору вызваляюцца тыя, хто едзе на пахаванне сямейнікаў і блізкіх сваякоў, інваліды ВАВ, I і II групаў, а таксама тыя, хто іх суправаджае, удзельнікі ВАВ, удзельнікі ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС, замежнікі, якія вяртаюцца дадому пасля адпачынку ў беларускіх санаторыях, і інш. Пры гэтым трэба мець пацвярджальныя дакументы.
Аднаразовую матэрыяльную дапамогу могуць атрымаць семʼі, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей. Максімальны памер выплаты на адно дзіця-школьніка складзе 81,9 руб. (30 % бюджэту пражыткавага мінімуму).
Канкрэтны памер выплаты вызначаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў у залежнасці ад фінансавых магчымасцяў рэгіёну.
У Беларусі штоквартальна абнаўляюць базу грамадзянаў, не занятых у эканоміцы з няўважлівых прычынаў. Дакументы пра тое, што вы не адносіцеся да такой катэгорыі, трэба падаваць у адмысловыя камісіі працаўладкавання.
Тыя, хто не працуе з няўважлівых прычынаў, павінны цалкам кампенсаваць затраты ЖКГ на гарачае водазабеспячэнне, цепла- і газазабеспячэнне.
Мяркуецца, што ў жніўні афіцыйны праект Канстытуцыі з прапановамі і абнаўленнямі дадуць на разгляд Аляксандру Лукашэнку. Рэферэндум аб ёй мае прайсці ў пачатку 2022 года.
Сярод іншага, прапаноўваецца павысіць узроставы цэнз для абрання прэзідэнтам да 40 гадоў (цяпер 35 гадоў), павялічыць з 10 да 20 гадоў тэрмін сталага пражывання ў Беларусі непасрэдна перад выбарамі для абрання прэзідэнтам, вярнуць абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў для адной асобы і гэтак далей.
МГ belsat.eu