У Менску выставілі на продаж гандлёвы цэнтр «Арэна-сіці»


У Менску выстаўлены на продаж буйны гандлёва-забаўляльны цэнтр Arena City, які знаходзіцца на праспекце Пераможцаў. На гэта звярнуў увагу партал Оffice Life. Яго ў 2013 годзе пабудавала кампанія «Трайпл», заснаваная Юрыем Чыжом.

ТРЦ Arena City. Крыніца: realt.by

Цяперашнім уласнікам Arena City з’яўляецца кампанія «А-Сити» (заснавана лізінгавай кампаніяй Белаграпрамбанк – «Агролизинг»). За ГЗЦ просяць 74 млн долараў, але цяперашні ўладальнік гатовы таргавацца.

Агульная плошча абʼекта – 84 тыс. кв. метраў, сярэдні кошт «квадрата» – 880 долараў.

«Аб’яву аб продажы ГЗЦ размясцілі 30 траўня. Продаж звязаны з тым, што цяперашні ўласнік Arena City лічыць, што цэнтр мае патрэбу ў свежым поглядзе на арганізацыю гандлёвых плошчаў – магчыма, іх варта аптымізаваць і рэарганізаваць», – растлумачыла Office Life агент па продажы нерухомасці «Сильван-Инвест» Наталля Санчукоўская.

Агент па продажы нерухомасці паведаміла, што сёння напаўняльнасць ГЗЦ Arena City «складае 95% – гандлёвыя плошчы на абʼекце запатрабаваныя», хоць з наведвальнасцю ў ГЗЦ заўсёды былі праблемы, праз што крамы зачыняліся.

«Цяперашні ўласнік гатовы на гандаль. Гэты абʼект у апошні час прапаноўваўся да куплі некалькім буйным беларускім бізнесменам – наколькі мне вядома, цікавасць ёсць», – паведаміла агент.

Arena City на праспекце Пераможцаў пабудавала ў 2013 годзе кампанія «Трайпл», заснаваная Юрыем Чыжом. Апроч гандлёвых залаў там месцяцца офісы буйных кампаніяў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў