«Спіс тэрарыстаў» і «экстрэмізм» у Беларусі: пытанні і адказы


У «Пераліку арганізацыяў і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», што вядзе КДБ, ужо больш за 60 грамадска-палітычных дзеячаў. Разбіраемся, што гэта за спіс, што чакае людзей, якія ў яго трапілі, і ў чым унікальнасць «экстрэмізму» ў Беларусі.

Што гэта наогул за «спіс тэрарыстаў»?

«Пералік тэрарыстаў» вядзецца з 2011 года. Першапачаткова ён выкарыстоўваўся для выканання Беларуссю міжнародных забавязанняў у барацьбе з тэрарызмам і абапіраўся на практыку шэрагу краінаў. У пераліку былі людзі і арганізацыі, дзейнасць якіх асуджалася міжнароднай супольнасцю і прызнавалася тэрарыстычнай.

Але з лістапада 2020 года ў яго сталі трапляць людзі паводле палітычных матываў. Пералік выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах – у яго ўсё часцей уносяць апанентаў дзейных дэ-факта ўладаў.

Пералік фармуе і вядзе КДБ Рэспублікі Беларусь. Актуальны спіс ёсць у адкрытым доступе на сайце гэтага органу ў раздзеле «Контртэрарыстычная дзейнасць». Усяго ў спісе на дзень 24 траўня 2022 г. 399 арганізацыяў і 810 фізічных асобаў.

Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі каля будынку КДБ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Як можна трапіць у гэты пералік?

Для гэтага ёсць шэсць падставаў. Да 2020 года самай распаўсюджанай падставай было траплянне ў міжнародны спіс арганізацыяў і асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці.

Залучыць у пералік могуць таксама паводле выраку Вярхоўнага Суда аб прызнанні арганізацыі тэрарыстычнай (экстрэмісцкай), забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Беларусі і яе ліквідацыі. Тэрарыстычнай можа быць прызнана як беларуская, так і замежная і нават міжнародная арганізацыя.

Аналітыка
Суддзя Вітольда Ашурка і «расстрэльны» артыкул. За што і дзе будуць судзіць «групу Аўтуховіча»
2022.05.17 15:19

З 2020 года спіс стаў актыўна папаўняцца на падставе судовага выраку аб прызнанні асобы вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: за акт тэрарызму, распальванне варожасці, ужыванне зброі масавага паражэння, стварэнне ўзброенага фармавання, фінансаванне і спрыянне тэрарыстычнай дзейнасці, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, удзел або арганізацыю масавых беспарадкаў. Апошнія 15 асобаў трапілі ў пералік акурат з гэтай падставы.

Але ў спіс трапляюць не толькі асуджаныя паводле пералічаных артыкулаў, але і абвінавачваныя. Гэта груба парушае прэзумпцыю невінаватасці, замацаваную ў артыкуле 26 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў артыкуле 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ.

Каго ў Беларусі лічаць тэрарыстамі?

Паглядзім на спіс фізічных асобаў, дзе цяпер налічваецца 810 чалавек. Адзначым, што да восені 2020 года там не было грамадзянаў Беларусі.

У спісе тэрарыстаў можна пабачыць дзяржаўных службоўцаў КНДР і Ірану, звязаных з ядравымі праграмамі ў гэтых краінах. Таксама ў пераліку мноства людзей з Іраку, прызнаных датычнымі тэрарыстычнай дзейнасці ў 2003 годзе. У спіс залучаная вялікая колькасць людзей з грамадзянствам краінаў Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі. Таксама сустракаюцца асобы з грамадзянствам Вялікай Брытаніі, Расейскай Федэрацыі, Нямеччыны, Францыі, Грузіі.

Гісторыі
«Ну які ж гэта тэрарызм? Дзікасць нейкая!» Хто такі Аляксей Іванісаў, якога будуць судзіць у справе «Буслы ляцяць»
2022.05.31 10:51

У лістападзе 2020 года ўпершыню КДБ Беларусі дадаў у «тэрарыстычны спіс» беларусаў – імі сталі заснавальнік Telegram-каналаў «NEXTA» ды «NEXTA Live» Сцяпан Пуціла і былы галоўны рэдактар гэтых каналаў Раман Пратасевіч. Маўляў, гэтыя асобы абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

12 лютага 2021 года КДБ абнавіў пералік: на гэты раз спіс папоўніўся 17 асобамі, усе – беларусы, большая частка з іх праходзіць у «справе Аўтуховіча». Яны абвінавачваюцца паводле артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу РБ («Акт тэрарызму»). З іх – 5 жанчын (першы такі прэцэдэнт) і 12 мужчынаў, некаторыя трапілі ў спіс усёй сям’ёй.

2 красавіка 2021 года пералік быў дапоўнены яшчэ 17 асобамі. Гэтым разам у спіс трапілі:

  • Святлана Ціханоўская, экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Беларусі;
  • Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады;
  • Святлана Хілько, адказная за рэфармаванне Міністэрства ўнутраных справаў у НАУ;
  • блогер Антон Матолька, чый Telegram-канал 29 сакавіка 2021 года быў прызнаны экстрэмісцкім;
  • Ігар Макар, былы намеснік кіраўніка баявой групы антытэрарыстычнага спецпадраздзялення «Алмаз»;
  • Вячаслаў Маляйчук, які, паводле версіі Міністэрства ўнутраных справаў, заклаў выбуховую прыладу ў смеццевым баку ля дзіцячай пляцоўкі ў Менску, а яшчэ адну прыладу перавёз у Барысаўскі раён;
  • прадстаўнікі ініцыятывы «ByPol» Станіслаў Якіменка (падпалкоўнік міліцыі, былы старэйшы оперупаўнаважаны ГУБАЗіК), Сяргей Чубукоў (следчы Следчага камітэту), Алег Талерчык (экс-працаўнік Генеральнай пракуратуры), Сяргей Макар (былы баец Атраду міліцыі асобага прызначэння), Ігар Лобан (былы следчы ў асабліва важных справах Следчага камітэту), Сяргей Курачкін (маёр міліцыі), Мацвей Купрэйчык (былы старэйшы оперупаўнаважаны ўпраўлення ўнутраных справаў), Уладзімір Жыгар (былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку), Аляксандр Азараў (былы выкладчык кафедры вышуковай дзейнасці факультэту міліцыі Акадэміі МУС), Станіслаў Лупаносаў (старэйшы оперупаўнаважаны ГУБАЗіК), Андрэй Астаповіч (былы старэйшы следчы Следчага камітэту) і Міхаіл Куцко.

Якія арганізацыі ў Беларусі лічацца тэрарыстычнымі?

Напрыклад, тэлеграм-каналы «NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA», прызнаныя тэрарыстычнымі і забароненыя на тэрыторыі Беларусі выракам Вярхоўнага суда ад 8 красавіка 2022 года. Бачым у спісе таксама «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» (АГСБ), «Супраціў», а таксама ініцыятывы «Кібер-партызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны – ДНС» і «Буслы ляцяць».

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу За Свабоду» і Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Ці могуць цяпер людзей, пазначаных у пераліку, расстраляць?

Не. За сам факт занясення ў гэты спіс людзей не могуць расстраляць. Гэта вызначае толькі суд пры разглядзе крымінальнай справы, а цяпер за такія дзеянні не прадугледжана смяротнага пакарання (смяротнае пакаранне ў Беларусі не пашыраецца на мужчынаў, старэйшых за 65 гадоў, і жанчын).

Якія абмежаванні маюць асобы, якія трапілі ў пералік КДБ?

Для іх блакуюцца фінансавыя аперацыі, у тым ліку грашовы перавод у СІЗА на іхнае імя праз банк або пошту.

Асуджаным за «экстрэмізм» і дададзеным у пералік да пагашэння судзімасці і цягам пяці гадоў пасля гэтага:

  • забараняецца займацца педагагічнай, выдавецкай дзейнасцю;
  • забараняецца займаць дзяржаўныя пасады;
  • забараняецца праходзіць ваенную службу;
  • іхныя фінансавыя аперацыі падлягаюць асабліваму кантролю.

Усё гэта парушае забарону на дыскрымінацыю, згодна з артыкуламі 25 і 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

А што наконт «экстрэмізму» ў Беларусі?

Антыэкстрэмісцкае заканадаўства зʼявілася ў Беларусі ў 2007 годзе, пабудаванае пераважна на расейскі ўзор. Яно адразу выклікала крытыку з боку праваабаронцаў за непрапарцыйнае абмежаванне свабоды выказванняў і празмерна шырокае паняцце «экстрэмізму».

Пасля выбараў 9 жніўня 2020 года і масавых пратэстаў антыэкстрэмісцкае заканадаўства рэгулярна выкарыстоўваецца ў рэпрэсіўных мэтах: незалежныя СМІ, ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, тэлеграм-чаты былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, а ў некаторых выпадках – экстрэмісцкімі фармаваннямі. Актывізавалася і выкарыстанне адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу ў палітычных мэтах: многія апаненты рэжыму трапілі ў спіс «тэрарыстаў».

Марфа Рабкова, праваабаронца і каардынатарка валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна». Сярод іншага яе вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ў ім. Дзяўчыне пагражае да 15 гадоў турмы.
Фота: spring96.org

Цяпер практычна любая праява іншадумства трапляе пад ярлык «экстрэмізм». Толькі ў Беларусі ўдзел ці заклікі да ўдзелу ў «незаконных сходах, мітынгах, вулічным шэсці, дэманстрацыях або пікетаваннях» называецца паводле закону «экстрэмізмам».

Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры Беларусі, з 9 жніўня 2020 года да ліпеня 2021 года было заведзена больш за 4200 крымінальных справаў, звязаных з «экстрэмізмам і тэрарызмам». З дадзеных Следчага камітэту, за адзін год пасля выбараў была распачатая 4691 крымінальная справа паводле фактаў «незаконных масавых мерапрыемстваў, беспарадкаў, пратэсных акцый, замахаў на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку».

Антыэкстрэмісцкае заканадаўства трактуецца вельмі шырока і выкарыстоўваецца для здушэння любой формы самаарганізацыі ў грамадстве. Перадача асабістых звестак дзяржаўных службоўцаў трактуецца як «распальванне варожасці», адпраўка ў тэлеграм-каналы відэа – як «выраб экстрэмісцкіх матэрыялаў», заклікі да пратэснай актыўнасці – як «заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы», а арганізацыя пасылак для палітвязняў ці аплата штрафаў за ўдзел у акцыях – як «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Фактычна штодня паведамляецца пра затрыманні ці суды над людзьмі, якія пакінулі крытычны каментар у інтэрнэце, што расцэньваецца як «абраза прэзідэнта ці прадстаўніка ўлады».

Каментар
Андрэя Стрыжака збіраліся шантажаваць або «зліквідаваць»? Гэта не можа спыніць BYSOL
2022.05.30 20:32

На працягу двух гадоў пасля выбараў антыэкстрэмісцкае заканадаўства робіцца ўсё больш жорсткім. Крымінальны кодэкс цяпер крыміналізуе ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» (да 7 гадоў пазбаўлення волі) і заклікі да санкцыяў, больш жорсткім зрабілася пакаранне паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. З 18 чэрвеня 2021 года за «экстрэмісцкія злачынствы» могуць нават пазбавіць грамадзянства, калі яно дадзенае не пры нараджэнні.

У чым унікальнасць беларускага антыэкстрэмісцкага заканадаўства?

Толькі ў Беларусі паняцце «экстрэмізму» распаўсюджваецца нават на:

  • «незаконныя» масавыя мерапрыемствы;
  • пашырэнне «загадзя падманных звестак» пра стан Беларусі;
  • абразу прадстаўніка ўлады;
  • «дыскрэдытацыю» органаў улады;
  • крымінальна караюцца «спрыянне» і «праходжанне навучання» экстрэмізму, яго «публічнае апраўданне»;
  • групы грамадзянаў прызнаюцца «экстрэмісцкімі фармаваннямі» без суда (для гэтага дастаткова толькі выраку Міністэрства ўнутраных справаў або КДБ);
  • «экстрэмісцкая сімволіка» ўключае выявы раней асуджаных за экстрэмізм людзей (напрыклад, выява былых журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай).

Экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя 4 буйныя незалежныя медыі з пагрозай крымінальнага пераследу, шматлікія незалежныя медыі ды іх сацсеткі, іх прадукцыя лічыцца экстрэмісцкімі матэрыяламі (за стварэнне, захаванне і распаўсюд такога кантэнту – нават калі гэта проста спасылка ў сацсетках ці лайк пад допісам – 15 содняў арышту могуць атрымаць як журналісты, так і чытачы). Такім чынам, пад маркай барацьбы з «экстрэмізмам» у Беларусі рэалізуецца забарона на незалежную журналістыку.

Як у іншых краінах?

Адзначым, што комплексныя антыэкстрэмісцкія законы існуюць толькі на постсавецкай прасторы.

Міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЕ ды іншыя) часцей выкарыстоўваюць паняцце «гвалтоўны экстрэмізм». Яны супраць крыміналізацыі «экстрэмісцкіх» перакананняў, якія не вядуць да гвалту.

СП belsat.eu

Стужка навінаў