Палітзняволеныя Міхаіл Калішук і Сяргей Карпеня цалкам адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».
Міхаілу Калішуку 27 гадоў. За ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у Берасці ён быў затрыманы і збіты супрацоўнікамі АМАПу. Яму выставілі абвінавачванне ў «масавых беспарадках» і прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне Міхаіл адбываў у ПК №3 (Віцьба). Адміністрацыя калоніі аказвала на палітвязня ціск. Потым яго перавялі на турэмны рэжым і этапавалі ў магілёўскую турму № 4.
Сяргея Карпеню 29 гадоў. Яго затрымалі ў сакавіку 2022 году і асудзілі да 2 гадоў «хіміі» за «абразу Лукашэнкі». Следства сцвярджала, што мужчына «з мэтай нанясення шкоды гонару і годнасці Лукашэнкі» ў тэлеграм-канале «Баранавічы-97%» пакінуў паведамленне з ненарматыўнай лексікай.
Глеб Нержын belsat.eu