У КДБ апавялі пра выкрыццё «высокапастаўленага здрадніка»


На тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў прапагандысцкі фільм пра асуджанага паводле артыкулу «Здрада дзяржаве» Мікалая Варапая.

Былы афіцэр Мікалай Варапай, асуджаны за здраду дзяржаве. Скрыншот з відэа АТН / YouTube

Як паведамілі ў фільме, Варапая затрымалі ў Менску 17 кастрычніка 2017 года з дакументам пад грыфам «цалкам сакрэтна», які ён меў намер перадаць украінскай выведцы.

Варапай, як адзначаюць прапагандысты, «чалавек паважаны ў беларускіх вайсковых і сілавых колах, інтэлектуал, адзін з аўтараў першай канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі». Нарадзіўся ў 1956 годзе на тэрыторыі Сумской вобласці (Украіна), скончыў Кіеўскую сувораўскую вайсковую вучэльню. Потым праходзіў службу ў БССР, а пасля развалу СССР, у 1992 годзе, быў прызначаны старшым афіцэрам Цэнтру вайсковых даследаванняў. З 1994-га стаў намеснікам начальніка Цэнтру. Пасля выхаду ў запас працягваў працаваць у сілавым блоку на цывільных пасадах.

Як сцвярджаецца, у пачатку нулявых гадоў КДБ атрымаў звесткі, што ў ГУР Міністэрства абароны Украіны з’явілася крыніца з высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў, якая мае доступ да стратэгічна важнай інфармацыі, запатрабаванай заходнімі спецслужбамі. У выніку КДБ выйшаў на Варапая.

Паводле аўтараў фільму, Варапай рыхтаваў для ўкраінцаў аналітычныя агляды пра вайскова-палітычную абстаноўку, а таксама «працаваў у кірунку АДКБ – праблемы, хібы, перспектывы развіцця». Асабліва Кіеў цікавалі расейска-беларускія вучэнні, Варапая прасілі здабыць дакументы наконт «Захаду 2017».

У выніку Мікалая Варапая арыштавалі і паводле артыкулу «Здрада дзяржаве» пакаралі 12 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем вайсковага звання.

Цяпер былы вайсковец адбывае пакаранне. У фільме ён дае інтэрвʼю прапагандыстам у турэмнай робе.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў