У адміністрацыі Лукашэнкі патлумачылі, чаму Сафіі Сапезе адмовілі ў памілаванні


Грамадзянцы Расеі Сафіі Сапезе, якую ў Беларусі асудзілі на 6 гадоў калоніі, адмовілі ў памілаванні нібыта праз «неадпаведнасць ейнага звароту крытэрам». Пра гэта заявіла намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс.

Сафія Сапега ў судзе. Крыніца: spring96.org

«Адмоўлена цалкам законна. Каб адбыўся акт памілавання, неабходна, каб быў выкананы шэраг умоваў. Яна мае права звярнуцца, як і любыя іншыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і іншаземцы. Тут ніякіх выключэнняў або нейкага перадузятага стаўлення», – сказала Вольга Чупрыс.

Таксама Чупрыс заявіла, што такі зварот заўсёды ацэньваецца на прадмет адпаведнасці крытэрам. Напрыклад, Сафія не адбыла паловы тэрміну:

«Асуджаная, якая выказала жаданне напісаць такое хадайніцтва на імя прэзідэнта, не адбыла нават хаця б паловы тэрміну, хаця яна мела права звярнуцца. У прэзідэнта было права памілаваць і ў гэтым выпадку. Але калі ацэньваць у цэлым усе крытэры, то ў гэтым выпадку выключэнняў, якія б паслужылі падставай для таго, каб кіраўнік дзяржавы прыняў такое рашэнне, не было».

Пра адмову ў памілаванні Сафіі Сапезе 10 студзеня стала вядома ад адваката асуджанай Антона Гашынскага. З моманту завяршэння першага этапу памілавання ў верасні прайшло паўгода. Тады адвакат распавядаў, што адміністрацыя калоніі дала станоўчае заключэнне аб хадайніцтве Соф’і і прызнала, што яна зрабіла ўсе захады для звароту за памілаваннем. Далей хадайніцтва разглядала камісія ў пытаннях памілавання пры Лукашэнку.

Сафію Сапегу затрымалі разам з Раманам Пратасевічам пасля пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску. Яе называюць рэдактарам каналу «Чорная кніга Беларусі» і ў траўні 2022 яе прыгаварылі да 6 гадоў калоніі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў