Ад інфляцыі да палітвязняў. Самыя гучныя лічбы 2021 года ў жыцці Беларусі


Падыходзіць да канца 2021 год. З гэтай нагоды мы сабралі самыя гучныя лічбы гэтага года для Беларусі: у палітыцы, эканоміцы, спорце і не толькі.

ВУП вышэйшы за план

У эканоміцы канчатковых звестак за 2021 год яшчэ няма. Іх апублікуюць толькі пасля Новага года. Але за студзень – лістапад ВУП вырас на 2,3 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года. Урадавы прагноз прадугледжваў рост на 1,8 %, але дзякуючы сусветнаму аднаўленню эканомікі яго ўдалося перавысіць. Хоць і не істотна. На 2022 год афіцыйны план на ВУП складае 2,9 %, або на чвэрць вышэй як цяпер.

Бровар «Лідскае піва», Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Інфляцыя таксама

А вось з інфляцыяй прагноз не спраўдзіўся абсалютна. Калі прагноз на 2021 год прадугледжваў рост спажывецкіх коштаў не вышэй за 5 %, то атрымалася ўдвая больш – 10,3 % у лістападзе 2021-га адносна лістапада 2020-га. Такой інфляцыі не было пяць гадоў. Налета рост коштаў запланаваны меншы – толькі 6 %. Але і гэты план уладаў можа не спраўдзіцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кошты на мяса на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Долар умацаваўся

Урад на 2021 год закладаў курс долара 2,5678 рубля. Атрымалася ж пад канец года 2,5249. З пачатку года беларускі рубель адносна долара ўмацаваўся на 2,09 %. Праўда, паводле сярэднетэрміновай фінансавай праграмы рэспубліканскага бюджэту на 2019–21 гады, планавалася, што гэты паказнік складзе толькі 2,3861 рубля.

Амаль тысяча палітвязняў

На дзень 22 снежня ў Беларусі праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 967 асобаў, хоць колькасць тых, хто застаецца за кратамі з палітычных прычынаў і матываў, у некалькі разоў большая. Год таму ў Беларусі налічвалі 167 палітычных зняволеных. За год іхны лік вырас на 800 чалавек, або ў 5,8 раза.

Журналісты за кратамі

Сярод тых, каго трымаюць у няволі, шмат і журналістаў. На канец 2021 года, паводле падлікаў БАЖ, у зняволенні былі 32 працаўнікі беларускіх медыяў. Зняволеныя і чацвёра нашых калегаў – Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Уладзімір Мацкевіч, Ірына Слаўнікава.

Анархісты Ігар Аліневіч, Сяргей Раманаў, Дзмітрый Рэзановіч і Дзмітрый Дубоўскі падчас суда.
Фота: viasna96 / Telegram

Самыя вялікія тэрміны

Найбольшыя тэрміны ў канцы года атрымалі анархісты Ігар Аліневіч і Сяргей Раманаў. Іх засудзілі на 20 гадоў зняволення кожнага. 19 гадоў далі іхнаму паплечніку Дзмітрыю Разановічу. Яшчэ тром апанентам уладаў прысудзілі па 18 гадоў – экс-прэтэндэнту на прэзідэнцкую пасаду і мужу лідаркі дэмакратычных сілаў Сяргею Ціханоўскаму, капітану Генеральнага штабу Дзянісу Ураду і анархісту Дмітрыю Дубоўскаму. На шасцярых яны атрымалі 113 гадоў.

Памерлыя пратэстоўцы

Яшчэ некалькі праціўнікаў рэжыму папросту не перажылі гэтага года. У сваёй кватэры ў Менску быў застрэлены праграміст Андрэй Зельцар. У шклоўскай калоніі памёр актывіст Вітольд Ашурак. Пасля ціску следчых скончыў з жыццём 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі. У выніку ранаў, атрыманых у 2020 годзе, не стала кіроўцы аўтобуса Паўла Сібілёва і трэнера бодзібілдынгу Антона Качанава. Яшчэ прынамсі дзве асобы, у тым ліку Алена Амеліна з Менску, памерлі, заразіўшыся на Акрэсціна каронавірусам. А валанцёрка Кіра Баярэнка страціла ў СІЗА дзіця.

Аналітыка
Чые смерці ў 2021 годзе звязаныя з палітыкай дзяржаўнага тэрору ў Беларусі
2021.10.13 18:02

Не толькі беларусы

Яшчэ 21 чалавек з іншых краінаў сталіся ахвярамі ўладаў Беларусі, якія абяцалі ім беспраблемны доступ у краіны Еўрапейскага Звязу, а самі пры гэтым хацелі гэтак шантажаваць ЕЗ. Менавіта такую лічбу памерлых на мяжы Беларусі з Польшчай называюць міжнародныя арганізацыі.

25 440 содняў арышту

Беларусы сёлета працягвалі сутыкацца не толькі з крымінальным, але і з адміністратыўным пераследам. Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», сёлета арыштавалі 1509 чалавек на 25 536 содняў – сумарна гэта амаль 70 гадоў. А 679 асобаў былі аштрафаваныя на 36 412 базавых велічыняў. Некаторых людзей штрафавалі ці арыштоўвалі шмат разоў.

Калідоры ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску. Студзень 2021 года.
Фота: Белсат

Зачыстка НДА

Улетку пачалася масавая кампанія зачысткі і ліквідацыі розных недзяржаўных арганізацыяў. Агулам праваабаронцы на канец года налічылі 275 зліквідаваных НДА, ініцыятываў і ўстановаў. Гэта істотна больш, чымся анансаваў Лукашэнка – 185.

Экстрэмісты на кожным кроку

За год Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які вядзецца з 2008 года, вырас у 2,7 разу: з 71 да 191 старонкі. У асноўным гэта адбывалася за кошт пагалоўнага прызнання экстрэмісцкімі апазіцыйных да ўладаў незалежных медыяў, старонак у сацсетках, чатаў і каналаў у Telegram. Не абышоў лёс і ўсіх рэсурсаў «Белсату», які ўрэшце нават быў названы ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Па замкнёным коле

Для тых жа, каго пазбавілі рэгістрацыі ці адмаўляюцца рэгістраваць, улады вяртаюць крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя зліквідаваных ці незарэгістраваных арганізацыяў. Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу быў зліквідаваны ў канцы 2018 года, а цяпер вяртаецца.

Беларускаму блогеру і палітзняволенаму Сяргею Ціханоўскаму 18 жніўня споўнілася 42 гады. Гэты дзень ён правёў не разам з сям’ёй, а ў камеры ў менскім СІЗА № 1 на Валадарскага. Дзясяткі людзей прыйшлі да сценаў турмы, каб падтрымаць яго. 18 жніўня 2020 года. Менск, Беларусь.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Пакеты санкцыяў

Каб супрацьстаяць ціску рэжыму Лукашэнкі на ўласны народ, заходнія краіны працягвалі ўводзіць новыя санкцыі. Наймацнейшымі яны зрабіліся пасля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта з Раманам Пратасевічам і абвастрэння міграцыйнага крызісу. Па два пакеты ўвялі 27 краінаў Еўрапейскага Звязу (агулам яны прынялі пяць такіх захадаў) і ЗША. Таксама да санкцыяў супраць Менску ў той ці іншай ступені далучыліся Канада, Вялікая Брытанія, Новая Зеландыя, Сербія, Украіна, Швейцарыя, Нарвегія, Ісландыя, Албанія, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Ліхтэнштэйн ды іншыя.

Амаль 9000 даносаў

Кіберпартызаны сёлета заявілі, што ўзламалі аграмадную колькасць базаў сілавых ведамстваў Беларусі і не толькі. Сярод іншага яны апублікавалі базу даносаў – звесткі пра тых, хто скардзіўся на пратэстоўцаў у першыя месяцы беларускай рэвалюцыі. Ужо апублікаваныя каля 9000 даносаў з усёй краіны. Пры гэтым шмат з іх пісалі адныя і тыя ж асобы. Напрыклад, самай актыўнаю даносчыцаю сталася Ларыса Клімашэўская з Менску, якая адна зрабіла паўсотні званкоў.

Медальны антырэкорд

Сёлета ў Японіі прайшлі летнія Алімпійскія гульні, праз каронавірус перанесеныя з 2020 года. На ім беларуская дэлегацыя, у якую не ўключылі шэраг апазіцыйных спартоўцаў, паказала свой найгоршы вынік у гісторыі. Каманда Беларусі заваявала толькі 7 медалёў, абнавіўшы антырэкорд 2016 года. Агулам беларуская зборная заняла 45-е месца ў камандным заліку. На гэтым фоне найгучнейшаю падзеяй турніру для Беларусі стала спроба беларускіх чыноўнікаў выслаць недастаткова лаяльную бягунню Крысціну Ціманоўскую.

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве, 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Футбольныя «дасягненні»

Ставілі свае антырэкорды і беларускія футбалісты. З 11 матчаў 2021 года яны прагулялі 8, усе запар. Гэта стала найгоршым вынікам для каманды за апошнія 23 гады. Агулам у столькіх матчах запар беларусы зазнавалі паразу толькі ў 1997-м. Пры гэтым беларускія футбалісты здолелі прагуляць з самым разгромным лікам за сваю гісторыю: 30 сакавіка каманда Бельгіі забіла Беларусі 8 галоў, якія так і засталіся без адказу.

Дэфектыўная АЭС

Запушчаная ў лістападзе 2020 года Беларуская АЭС за час сваёй працы з тэхнічных прычынаў адключалася прынамсі 8 разоў. Сумарна яна прастойвала прыкладна 40 % ад усяго свайго працоўнага часу, што каштавала Беларусі $ 348,7 млн. Пры гэтым у пачатку ліпеня 2021 года энергаблок № 1 БелАЭС меў 14 330 неадпаведнасцяў і 144 дэфекты.

І на гэтым фоне ўлады збіраюцца будаваць новую атамную электрастанцыю.

Мы ж віншуем усіх нашых чытачоў з Новым годам і спадзяёмся, што ён будзе нашмат лепшы для беларускага народу і беларускай дзяржавы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў