У Беларусі назвалі кошты навагодніх ялінак. Як яны змяніліся за год?


Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю расказала, колькі будуць каштаваць навагоднія дрэвы. Цэны на іх часцей растуць у параўнанні з мінулым годам. А кірмашоў з ялінкамі будзе на 160 менш.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Навагоднія дрэвы ў 2023 годзе будуць каштаваць ад 7 да 37 рублёў у залежнасці ад рэгіёну і ад вышыні дрэва. Цэны агучыла начальніца ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава. Яна ж распавядала пра кошт ялінак у 2022 годзе. Тады іх можна было купіць за цану ад 9 да 14 рублёў, калі яны не вышэйшыя за адзін метр. За ялінку вышынёй каля пяці метраў трэба было заплаціць 50 рублёў.

«Акрамя таго, будуць прадстаўленыя і ялінкі ў кадках – ад 20 да 30 рублёў, а ялінавыя букеты будуць каштаваць ад 4 рублёў», – распавядае Мельнікава. У 2022 годзе ялінкі ў кадках каштавалі ад 10 да 22 рублёў. Кошт ялінавага букету даходзіў да 6 рублёў.

Настольная ялінка будзе каштаваць ад 8 рублёў. Летась цана складала ад 6 да 32 рублёў. Цяпер максімальных цэнаў Наталля Мельнікава не называе.

Ялінкі вышынёй адзін метр цяпер будуць каштаваць ад 52 рублёў. У 2022 годзе паведамлялася найбольшая цана – да 104 рублёў.

Ялінка вышынёй два метры – ад 100 рублёў. Летась агучвалася цана двухметровай ялінкі – 780 рублёў.

А дрэвы, вышэйшыя за два метры, будуць каштаваць ад 200 рублёў. У 2022 годзе ялінка да трох метраў каштавала да 1300 рублёў.

Вусы Скарыны
Чаму Новы год адзначаецца 1 студзеня?
2023.01.02 18:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў