«Набор трызнення». Мікалай Халезін пра жаданне Лукашэнкі вярнуць у Беларусь ядравую зброю


Кіраўнік Creative Politics Hub і дырэктар «Беларускага свабоднага тэатру» Мікалай Халезін назваў у студыі «Белсату» заяву Лукашэнкі пра вяртанне ў Беларусь ядравай зброі «наборам трызнення». Халезін упэўнены, што Уладзімір Пуцін ніколі не даверыць ядравую зброю Лукашэнку.

«Насамрэч гэта такі набор бязглуздзіцы, калі ўжо казаць пра сур’ёзныя геапалітычныя працэсы. Пуцін ніколі не даверыць яму ядравую зброю, бо гэта стане пагрозай не толькі для Еўропы, але і для Расеі, таму што ў выпадку, калі Лукашэнка наважыцца нейкім чынам яго ўжыць – то адказ атрымае не толькі Беларусь, але і Расея.

Дастаткова складаная камбінацыя, якую ён хоча правярнуць, але гэта мяжуе з трызненнем», – сказаў Мікалай Халезін.

Ён мяркуе, што ў сённяшнім свеце лягчэй нейкую краіну раззброіць, чым узброіць яе ядравай зброяй, бо за гэтым пільна сочыць увесь свет.

Hавiны
Лукашэнка заявіў, што прапануе Пуціну вярнуць у Беларусь ядравую зброю
2021.11.30 17:12

«Я добра памятаю, як у 1990-х, калі выводзілі ракеты сярэдняй і малой далёкасці, Лукашэнка бедаваў і крычаў пра жанчын, які нібыта скуголілі, калі выводзілі ракеты.

Я гэтыя ягоныя шкадаванні разумею: яму хочацца мець хоць які дубец супраць Еўропы, але насамрэч ён яго ніколі не атрымае», – мяркуе Мікалай Халезін.

Кіраўнік Creative Politics Hub выказаўся таксама наконт заявы Лукашэнка аб прызнанні Крыму і ягоныя жаданні паехаць у Севастопаль. На думку Халезіна, Лукашэнка «троху спазніўся».

«Ён гатовы ляцець у Севастопаль цалаваць там падводныя лодкі і крэйсеры, але ён троху спазніўся. Калі казаць пра гэтае прызнанне, то, напэўна, яно каштавала б даражэй, калі б прагучала раней.

Тады б мог за гэта і нейкія фінансы атрымаць ад Расеі. А цяпер для Расеі гэтага мала, а для іншых краін – проста канстатацыя факту», – сказаў Халезін.

Hавiны
Лукашэнка назваў Крым расейскім дэ-факта і дэ-юрэ
2021.11.30 18:30

Ён заўважыў, што ў сувязі з гэтым асноўныя пытанні ўзнікаюць найперш да кіраўніцтва Украіны – да Уладзіміра Зяленскага.

«А ён пакуль што праводзіць страшэнную антыдзяржаўную палітыку. З аднаго боку, казаў, што гэта прынцыповае пытанне для Украіны, а з другога боку – патураў усім эканамічным стасункам з Лукашэнкам і ягонымі псеўдаалігархамі – з усімі гэтымі Алексінымі і Верабʼямі, якія адчуваюць сябе ва Украіне як удома…

І таму зараз да Украіны вялікае пытанне: «Дзе вашая прынцыповасць?» І яно асабліва актуальнае на фоне рэйтынгу Зяленскага і ягонай партыі, які падае да нуля», – выказаў меркаванне Мікалай Халезін.

Цалкам размову з кіраўніком Creative Politics Hub і дырэктарам «Беларускага свабоднага тэатру» Мікалаем Халезіным глядзіце ў праграме «Студыя «Белсат».

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў