Знік бард і пісьменнік Анатоль Кудласевіч, ягоную кватэру разграмілі


Анатоль Кудласевіч.
Фота: Наша Ніва

Разам з Кудласевічам, з ягонай кватэры зніклі два ноўтбукі, мабільны тэлефон, таблеткі ад ціску, якія пісьменнік пастаянна прымаў. У дзяжурнай частцы міліцыі сыну Кудласевіча паведамілі, што ў гэтым раёне працуе ГУБАЗіК, піша «Наша Ніва».

Жонка Анатоля Кудласевіча прыйшла з працы 29 верасня і ўбачыла, што кватэра разгромленая, а муж знік.

Стан кватэры Анатоля Кудласевіча.
Фота: Наша Ніва

«Дакладнай інфармацыі няма. Але сітуацыя такая: маці вярнулася дадому, а там усё разбурана, рэчы раскіданыя па падлозе. Раскіданая абсалютна ўсё, нават нейкія крупы і спецыі. Няма бацькі, няма двух ноўтбукаў, мабільніка, бацькавых таблетак ад ціску, некаторых асабістых рэчаў. Пры гэтым каштоўнасці не кранутыя, – распавёў Мікалай, сын Анатоля Кудласевіча. – Я звязаўся з адвакатам, званіў у міліцыю. Яго пачалі шукаць, мне пазваніў дзяжурны і сказаў, што ў тым раёне, дзе жывуць бацькі працуе ГУБАЗ. І сітуацыя ў кватэры падобная на ператрус пасля ГУБАЗа, плюс у бацькі актыўная грамадзянская пазіцыя, ён не саромеецца пісаць у фэйсбуку… І быў пару дзён у камандзе Ціханоўскага мінулай вясной, катаўся па Беларусі… Таму мяркуем, што тата затрыманы. Але пакуль нічога канкрэтнага няма».

Стан кватэры Анатоля Кудласевіча.
Фота: Наша Ніва

Кудласевіч – інвалід другой групы, у яго выдаленая адно лёгкае праз анкалогію.

«Таксама бацька мае праблемы з ціскам, яму трэба пастаянна прымаць лекі, інакш пачынае задыхацца», – распавядае сын.

Летась, нягледзячы на інваліднасць Анатоль Кудласевіч быў асуджаны на 10 сутак за «мітынг» падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

«А вясною 2021 года ў кватэры бацькі ўжо праходзіў ператрус у сувязі са справай Аўтуховіча. Нагодай стала тое, што яны перапісваліся недзе ў сеціве. Але тады праводзілі ператрус даволі далікатна, бацьку дапыталі і адпусцілі», – кажа сын.

Удзень 30 верасня імя Кудласевіча знайшлося ў спісах судовых паседжанняў суда Фрунзенскага раёну. Пісьменніка будуць судзіць у 12.30 паводле ч.1 арт.24.23 КоАП РБ («Парушэнне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах»).

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў