Віталь Алейнік: Абяцаны заробак – сапраўдная маніпуляцыя


Раман Галоўчанка прагназуе налета заробкі, вышэйшыя за 2000 рублёў. Эканаміст Віталь Алейнік мяркуе, што такія заявы – не больш як імітацыя святла ў канцы тунэлю і «сапраўдная маніпуляцыя», бо насамрэч беларуская эканоміка, гледзячы на якасныя паказнікі, пакідае жадаць лепшага, асабліва ў выпадку арыентацыі гандлю толькі на Расею.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Варта, канечне, адразу глядзець на тую абсалютную базу, ад якой бярэцца вось гэты рост. І калі глядзець менавіта на беларускую гэтую базу, то цалкам гэтыя лічбы несуцяшальныя. Так, напрыклад, у 2022 годзе ВУП Беларусі склаў амаль 73 мільярды долараў. У параўнанні з 2014 годам ён абваліўся амаль на 7,5 %. А з улікам шакавальнай дэвальвацыі, вось на сённяшні дзень я паглядзеў, гэта каля 42 % для еўра і больш за 25 % для долараў».

Віталь Алейнік падкрэслівае, што больш карысным у плане параўнання гэтых лічбаў ёсць якасны бок ВУП, які, на жаль, на сённяшні дзень не мае трывалага падмурку. Прычынамі такога заняпаду эканаміст называе праблему з заляжалай прадукцыяй, дэбіторскія запазычанасці і, галоўнае, завязванне гандлю на Расею. Ён прыводзіць прыклад Тураўскага малочнага камбінату:

«Цалкам паспяховае прадпрыемства завязала амаль 75 % сваёй вытворчасці цалкам на Расейскую Федэрацыю, а тая ў пэўны момант фактычна перарэзала ім горла, забараніўшы экспарт на сваю тэрыторыю.  Ведаеце, улічваючы тое, што агулам гандаль Беларусі завязаны больш чым на 60 % на Расейскую Федэрацыю, бліжэйшы нават мінімальны гандлёвы канфлікт, нейкая недарэчнасць можа так ляснуць па эканоміцы».

Таму, на думку эканаміста, любы рост ВУП у першую чаргу павінен быць скіраваны на паляпшэнне дабрабыту насельніцтва, а не на павышэнне лічбаў.

«Гэтае дэклараванае на паперы павышэнне ВУП суправаджаецца, я б сказаў, нават сапраўднай сацыяльнай фрустрацыяй насельніцтва. Упершыню за доўгія гады, і гэта таксама пададзена Белстатам, узровень той жа алкагалізацыі насельніцтва і вось гэтых алкапсіхозаў у краіне за мінулы год падняўся больш чым на 12 % за папярэдні год, а па Менску гэта нават больш за 30 %».

Такая эканамічная дэфрагментацыя, якая цяпер адбываецца ў краіне, паводле Віталя Алейніка, прывяла нават да такіх сацыяльна-эканамічных праяваў, якіх мы не бачылі ўжо даўно. На тле той жа дэвальвацыі, якая развіваецца ў Беларусі, мы можам назіраць, як рэкорднымі тэмпамі скупаецца нерухомасць замежнікамі ў Беларусі, а таксама з’яўляюцца такія рэчы і падымаюць галаву такія галіны ў эканоміцы, як, напрыклад, секс-турызм.

«Перспектываў для росту заробкаў нават у нацыянальнай валюце становіцца ўсё менш і менш, не кажучы ўжо пра грошы ў валюце, якую можна сапраўды лічыць: еўра ці долары», – падсумоўвае эксперт.

Фота вокладкі: Ян Лісіцкі / Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў