Беларусам ва Ўкраіне прапанавалі курсы ад Кіева-Магілянскай акадэміі


Самым матываваным абяцаюць стыпендыі на аплату навучання і, пры патрэбе, жытло ў інтэрнаце.

Кіева-Магілянская акадэмія, галоўны корпус. Кіеў, Украіна. 12 ліпеня 2014 года.
Фота: Mykola Vasylechko / Wikimedia

Украінскі нацыянальны ўніверсітэт Кіева-Магілянская акадэмія разам з грамадскай ініцыятывай «Free Belarus Center» і міжнародным фондам «Відродження» прапануюць беларусам, якія вымушана выехалі ва Украіну або збіраюцца гэта зрабіць, навучанне паводле праграмаў на ўласны выбар.

«Магілянка» прапануе беларусам навучанне ў якасці слухачоў без атрымання дыплому. Курсы, якія прапануюць, трываюць ад 4 да 10 месяцаў.

Ёсць сертыфікатныя праграмы міні-спецыялізацыяў: праграмаванне, вэб-дызайн, публічныя камунікацыі, эканоміка, псіхалогія і іншае, нават музейная справа і рэлігіязнаўства. Ёсць курс «Украінская мова ў кантэксце». Ёсць магчымасць і праходзіць звычайныя дысцыпліны ўніверсітэту – даюць да 10 «крэдытаў ЕКТС», эквівалентных 300 гадзінам навучання.

Самым матываваным паводле вынікаў сумоўя абяцаюць стыпендыі ад фонду «Відродження» для сплаты навучання і, калі будзе трэба, пражывання ў інтэрнаце ўніверсітэту.

Падаць заяву можна да 27 жніўня, а сумоўі папярэдне плануюць на 30–31 жніўня.

Кіева-Магілянская акадэмія была заснаваная ў 1632 годзе як Кіева-Брацкая калегія, а статус акадэміі атрымала ў 1658 годзе. Карпусы размяшчаюцца ў гістарычным цэнтры Кіева – на Падоле (будынак акадэміі можна пабачыць на купюры ў 500 грывень). Партал Osvita.ua паставіў яго на 4-е месца ў рэйтынгу вышэйшых навучальных установаў Украіны.

АА belsat.eu

Стужка навінаў