Бацькі Рамана Пратасевіча не вераць, што ён «бадзёры і вясёлы», і просяць дапусціць лекараў


Наталля і Зміцер Пратасевічы, бацькі 26-гадовага Рамана Пратасевіча, былога рэдактара Telegram-каналу Нехта, на акцыі салідарнасці з беларусамі ў цэнтры польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 29 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Рамана Пратасевіча перавялі ў СІЗА КДБ, дзе знаходзіцца і ягоная дзяўчына Сафія Сапега, затрыманая разам з ім у аэрапорце Менску. Пра гэта паведамляе расейскамоўная служба BBC.

Бацька Рамана Зміцер Пратасевіч сумняваецца ў тым, што ягоны сын «бадзёры і вясёлы», як той сказаў свайму адвакату на першай сустрэчы ў чацвер.

«Можа быць, адвакаты і кажуць праўду [з нагоды бадзёрасці Рамана і Сафіі], але цалкам магчыма, гэта ўсё зроблена для таго, каб не паказаць сапраўднае становішча спраў. Яны могуць на людзях казаць, што яны бадзёрыя, вясёлыя і гэтак далей. Хутчэй за ўсё, іх прымусілі. Яны сядзяць там, дзе радасці і весялосці няма месца. Гэта можна згуляць. У нас сур’ёзна заціснулі адвакатаў, ім далі падпіску [пра неразгалошванне] – нельга казаць, па якім артыкуле абвінавачваецца. Такі прававы нонсэнс. И адвакат нам шмат не кажа», – сказаў Зміцер Пратасевіч.

Фота
Бацькі Рамана Пратасевіча на Глабальным пікеце салідарнасці звярнуліся да Лукашэнкі
2021.05.29 16:45

Бацькі Рамана ўпэўненыя, што іх сына білі пасля затрымання. На іх думку, стан блогера «патрабуе кантролю з боку ўладаў». Бацькі падалі заяву з просьбай правесці праверку па факце нанясення пабояў, якія бачныя ў Рамана на відэа з афіцыйных рэсурсаў.

«Мы па-ранейшаму настойваем, каб да яго дапусцілі лекараў. Адвакат – гэта ж не доктар. Ну, ён бадзёры і вясёлы – гэта ж ні пра што не кажа. Мы будзем дамагацца, каб да яго пусцілі лекараў і ацанілі абʼектыўна яго стан», – адзначыў Зміцер Пратасевіч.

Зараз Раман Пратасевіч знаходзіцца ў менскім СІЗА КДБ. У ягонай сястры ў ізалятары прынялі перадачу. Пры гэтым з перадачы вынялі кнігу, якую прасіў палітвязень.

Hавiны
Адвакатка Пратасевіча падала скаргу ў Генпракуратуру: патрабуе медычнага агляду
2021.05.27 13:40

Нагадаем, што ў дактароў, якія глядзелі відэа з прызнаннямі Рамана Пратасевіча пасля ягонага затрымання 23 траўня, узніклі падазрэнні ў катаваннях журналіста. Гэтак, пра жорсткае абыходжанне могуць сведчыць сінякі і сляды ад магчымага ўдушэння.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў