Ці запусціцца перамоўная пляцоўка з рэжымам Лукашэнкі з дапамогаю Аўстрыі?


Два гады таму на гэтым месцы быў Аляксандр Лукашэнка. Цяпер Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам і канцлерам Аўстрыі. Галоўнае пытанне, якое падымалі ў Вене, дзе месціцца штаб-кватэра АБСЕ, – ці запусціцца перамоўная пляцоўка з рэжымам Лукашэнкі і хто зробіцца пасярэднікам у перамовах. Што прывязе Святлана Ціханоўская з Вены акрамя прыгожых здымкаў?

Нядаўна паціскалі руку Лукашэнку, а цяпер прымаюць лідарку беларускіх пратэстаў Святлану Ціханоўскую. Мэты другога візіту Ціханоўскай у Вену – прымусіць рэжым Лукашэнкі сесці за стол перамоваў. І паўтарыць у штаб-кватэры Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе, што пляцоўкаю для перамоваў можа стаць акурат гэтая арганізацыя.

ВІДЭА
Лукашэнка ў Аўстрыі падманваў. Халодны душ пасля цёплага прыёму
2019.11.17 09:06

Але ці не марныя спадзевы? З Зэбаст’янам Курцам, прэмʼер-міністрам Аўстрыі, Святлана Ціханоўская сустракаецца ўжо другі раз.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах:

«Ён адзін з першых заявіў пра падтрымку дэмакратычнага пратэсту. Ён выказаўся ў падтрымку новых выбараў як вырашэнне крызісу. Ён разам з Міністэрствам замежных справаў ініцыяваў ціск на рэжым на ўзроўні Еўразвязу».

Спадзевы не толькі на Аўстрыю, але і на іншых чальцоў АБСЕ.

Працягвае Франак Вячорка:

«Абмяркоўвалі таксама ўдзел брытанскай місіі АБСЕ ў арганізацыі працэсу перамоваў. Менавіта Вялікая Брытанія была ініцыятарам Маскоўскага механізму АБСЕ, дзякуючы ёй іншыя 16 краінаў далучыліся да гэтага працэсу. Таксама Вялікай Брытанія арганізавала міжнародную платформу фіксацыі злачынстваў рэжыму».

Правядзенне міжнароднай канферэнцыі, ініцыяванай місіямі АБСЕ, дзе былі б абмеркаваныя шляхі выйсця Беларусі з крызісу, магло б зрабіцца вынікам гэтага візіту.

Аляксандр Шаленбэрг, міністр замежных справаў Аўстрыі:

«У нас быў канструктыўны дыялог. Мы моцна расчараваныя, што няма прагрэсу ў развязанні беларускага пытання. Мы працягваем заставацца сведкамі грамадзянскай драмы. Мы абмяркоўвалі прыняцце чарговага пакету санкцыяў Еўрапейскага Звязу на наступнай радзе міністраў замежных справаў у траўні, а таксама заангажаванне экспертаў Венецыянскай камісіі ў пытаннях канстытуцыйнай рэформы».

Інтэрв’ю
Святлана Ціханоўская ў Аўстрыі: «Вельмі плённая сустрэча з прэзідэнтам»
2021.04.27 21:38

Міністр замежных справаў, адказваючы на пытанне «Белсату», падкрэсліў: пляцоўкай для перамоваў у першую чаргу мусіць стаць міжнародная арганізацыя АБСЕ, а Аўстрыя паспрыяе такой ініцыятыве і не выключае ў такім дыялогу ўдзелу нават Масквы, але «пакуль без дэталяў».

Аўстрыйскі медыйны аналітык Ёзэф Гафль лічыць, што ў развязанні беларускага пытання можа дапамагчы не столькі дыпламатыя, колькі тое, што за стол перамоваў сядуць выключна чыноўнікі з выканаўчымі паўнамоцтвамі.

Ёзэф Гафль, медыйны аналітык, Аўстрыя:

«Камандзе Ціханоўскай трэба перастаць хадзіць па коле. Падобныя заявы мы чулі падчас папярэдняга візіту. Арганізацыя круглага стала павінна заставацца ў руках Каардынацыйнай рады. Безумоўна, з удзелам міжнародных медыятараў. Але такія перамовы мусяць задэклараваць чырвоныя лініі для рэжыму, якія ён не можа перакрочваць. І рабіць перамовы трэба, нават калі Лукашэнка не гатовы да гэтага».

А падштурхнуць Лукашэнку да такіх перамоваў могуць адноўленыя пратэсты ці чарговая перадвыбарчая мабілізацыя.

Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Пратэсты – гэта адзін з фактараў развіцця сітуацыі. Як паказала восень, пратэсты самі па сабе ні да чаго не змушаюць. Сітуацыя, якая дэманструе хісткасць палітычнага рэжыму, – звычайна гэта электаральныя сітуацыі. Калі на што-небудзь можна разлічваць, на аднаўленне перамоваў, то гэта восень і сітуацыя з мясцовымі выбарамі».

Тое, што можа ацвярозіць рэжым і прымусіць выпускаць палітычных вязняў, – гэта новыя санкцыі ды спыненне інвестыцыяў. Акурат Аўстрыя – у топе краінаў, якія вядуць бізнес у Беларусі. Каманда Ціханоўскай правяла нефармальныя сустрэчы з аўстрыйскім кампаніямі, дзе абмяркоўвалі эканамічны ўплыў на рэжым. Беларуская дыяспара падрыхтавала глебу для гэтых размоваў.

Ірына Пярвойкіна, беларуская актывістка, Аўстрыя:

«Мы пачалі вельмі актыўна камунікаваць у Аўстрыі з тым жа «А1», які ў Беларусі «Velcome» і адказны за выключэнне інтэрнэту. Мы пачалі весці перамовы з «Raiffeisenbank», моцным інвестарам у Беларусі. Мы падымаем цікаўнасць і даём альтэрнатыўную інфармацыю, якой аўстрыйскія прадпрыемствы не валодаюць. І акрамя фінансавых інтарэсаў гэтых прадпрыемстваў, ёсць і нейкія маральныя кодэксы».

Аб’ектыў
Ціханоўская сустрэлася з канцлерам Аўстрыі
2021.04.28 22:53

Міністр замежных справаў Аўстрыі запэўніў, што Федэральны ўрад плануе размаўляць з пацярпелымі аўстрыйскімі кампаніямі, але гэта не азначае, што дзяржава будзе ўмешвацца ў эканоміку. Бо калі аўстрыйскі бізнес сыдзе з Беларусі, гэтым можа скарыстацца Расея.

Пытанне геапалітычнай арыентацыі да Святланы Ціханоўскай прагучала і ад аўстрыйскіх дэпутатаў.

«Пытанне будучай замежнай палітыкі Беларусі: якая будзе сэнсоўная пазіцыя датычна NATO, нейтралітэту, стасункаў з «вялікім братам»?»

І тут, відавочна, Святлане Ціханоўскай не хапіла дыпламатычнага досведу. Бо адказ быў стандартны: нашая задача – правесці дэмакратычныя выбары, а потым беларусы будуць вырашаць, быць ім з Усходам, Захадам, Поўднем ці Поўначчу. А можна было б скарыстацца палітычным прыёмам і адказаць, што мы гатовыя вывучыць досвед нейтралітэту Аўстрыі. Тым больш у беларускай Канстытуцыі запісанае імкненне і нашай дзяржавы да нейтралітэту.

На выніковай прэсавай канферэнцыі Ціханоўская запэўніла, што верыць у новыя прэзідэнцкія выбары ўжо ўвосень.

Калаж з фота: Stefano Costantino / MEGA / The Mega Agency / Forum; Tadas Kazakeviżius / NI Profile / Forum.

Сюжэт падрыхтавала Наста Ільіна для праграмы «ПраСвет» з Алінаю Коўшык 29 красавіка 2021 года

Стужка навінаў