Жанчыне, якую сілавікі падманам угаварылі вярнуцца ў Беларусь, прысудзілі 4,5 года калоніі


У Гомельскім судзе вынеслі вырак 49-гадовай адміністратарцы пратэсных чатаў Таццяне Курылінай, паведамляе радыё «Свабода». Жанчына вярнулася ў Беларусь паводле праграмы сілавікоў «Дарога дадому». Ёй паабяцалі, што на Радзіме ёй нічога не пагражае, а пры вяртанні ў Беларусь яе затрымалі – гэта аказалася спецаперацыя КДБ.

Таццяна Курыліна. Крыніца: spring96.org

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Таццяну абвінавацілі паводле дзесяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх абвінавачанні ў распальванні варожасці (арт. 130), у закліку да санкцыяў (арт. 361), у знявазе і паклёпе на Лукашэнку (арт. 368 і арт. 367), у знявазе прадстаўніка ўлады (арт. 369) ды іншыя.

Паводле матэрыялаў следства, Таццяна праз тэлеграм-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні прадстаўнікоў улады і сілавых структураў. Яна ж без згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія працаўнікі і суддзі, нібыта неправамерна збірала, сістэматызавала і распаўсюджвала звесткі пра іхнае прыватнае жыццё, чым учыніла істотную шкоду іхных правам і законным інтарэсам.

Арганізацыя «BYPOL» сцвярджае, што Курыліну ашукалі беларускія спецслужбы. Жанчына доўгі час была за мяжою, але з ёй на кантакт выйшаў мужчына і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў уладкаваць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыя КДБ.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай і асудзіў на 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апрача таго, жанчыне давядзецца заплаціць 100 базавых велічыняў (3700 рублёў) штрафу і буйную кампенсацыю маральнай шкоды «моцна пакрыўджаным і пацярпелым асобам» на агульную суму 23 500 рублёў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў